Сочинение на тему Рэлігійна-асветніцкая дзейнасць Мялеція Стрымацкага.
Работа добавлена на сайт bukvasha.net: 2015-05-26Поможем написать учебную работу
Если у вас возникли сложности с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой - мы готовы помочь.
Мялецій Сматрыцкі ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як адзін з яркіх прадстаўнікоў палемічнай літаратуры, грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч, вучоны-філолаг і педагог. Ён з'яўляецца аўтарам палемічных твораў "Антыграфі", "Трэнас, альбо Плач святой усходняй царквы", "Апраўданне невіноўнасці", "Абарона апраўдання", "Збор з'едлівых лістоў", а таксама падручніка па славянскім мовазнаўстве. Першым друкаваным творам М. Сматрыцкага, што дайшоў да нашых часоў, з'яўляецца "Антыграфі". У ім пісьменнік выступіў супраць кніг уніяцкага мітрапаліта Іпація Пацея "Ерасі" і "Гармонія". Ён адвяргае абвінавачванні уніятаў у парушэннях праваслаўнымі царкоўных законаў і ўчыненні імі беспарадкаў і злачынстваў, адстойвае асноўныя догматы праваслаўя. У 1610 г. пад псеўданімам Тэафіла Арталога быў надрукаваны "Трэнас, альбо Плач святой усходняй царквы" — адзін з лепшых і найбольш значных твораў М. Сматрыцкага. У цэнтры твора вобраз праваслаўнай маці-царквы, якая церпіць фізічныя і душэўныя пакуты ад бязлітаснага ўціску католікаў і уніятаў. Апісваючы стан праваслаўнай царквы, М. Сматрыцкі карыстаецца народна-паэтычнай, міфалагічнай і біблейскай сімволікай:
Гора мне беднай,
бяда — гаротнай!
З усіх бакоў я абрабавана,
з усіх уладанняў сваіх
абабрана,
з усіх убранняў сваіх
абадрана
на ганьбаванне свету!..
Я пагарджаная,
я абылганая,
я абакраная,
я прагнаная,
але ж і вам,
што мною спагардзілі, —
гора,
што абылгалі мяне —
бяда,
што абакралі мяне —
галеча,
і што прагналі мяне —
туга.
Сыноўняя непабожнасць —
бацькам знявага,
а матчын праклён,
а матчын праклён —
загуба сынам.
(Пераклад А. Разанава)
З "Трэнаса" царква паўстае беднай, гаротнай, абрабаванай, з ярмом на шыі, з путамі на нагах, з мячом "паваротнавострым над галавою". Царква ў творы сімвалізуе прыгнечаную радзіму, дзе "бяда і гора ў гарадах і вёсках, у дубровах і палях, на сцежках і на шляхах", дзе народ плача ад свайго цяжкага становішча перад бяссіллем абараніцца ад грознага наступу католікаў і уніятаў. У творы аўтар абвяргае адзін з догматаў каталіцкай царквы аб бязгрэшнасці папы рымскага, дае знішчальную характарыстыку маральнаму абліччу пастыраў, лічыць здраднікамі тых, хто ўдзельнічаў у падпісанні Брэсцкай уніі, заклікае народы Беларусі і Украіны да аб'яднання ў барацьбе супраць каталіцызму. Супраць "Трэнаса" і яго аўтара выступілі з палемічнымі творамі вядомыя аўтары і палітычныя дзеячы П. Скарга і I. Марахоўскі. М. Сматрыцкага абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе, назвалі "агентам Масквы", "вучнем Лютэра" і інш. Твор быў забаронены каралём Жыгімонтам I I I, кіруючымі коламі Рэчы Паспалітай, каталіцкімі і уніяцкімі святарамі. За яго распаўсюджанне ці куплю накладваўся штраф у памеры пяці тысяч "червоных злотых". Брацкая друкарня ў Вільні, дзе быў выдадзены "Трэнас", была зачынена, кнігі і шрыфт знішчаны, а рэдактар і карэктар Лявонцій Карповіч зняволены ў турму. Аўтара твора ад пакарання выратаваў псеўданім. У 20-я гг. XVII ст. М. Сматрыцкі выступіў з антыкаталіцкімі творамі "Апраўданне невіноўнасці", "Абарона апраўдання", "Збор з'едлівых лістоў", "Прашэнне" і шматлікімі пасланнямі, у якіх заклікаў спыніць апалячванне насельніцтва, патрабаваў свабоду і роўнасць для прадстаўнікоў праваслаўнай веры. Гэтыя творы адыгралі значную ролю ў пашырэнні антыкаталіцкіх народных хваляванняў. У віцебскім паўстанні 1623 г. быў забіты і кінуты ў Дзвіну епіскап-уніят Іясафат Кунцэвіч. М. Сматрыцкі быў абвешчаны саўдзельнікам забойства, што стала асноўнай прычынай яго выезду ў Палесціну, Егіпет і Грэцыю. Вярнуўшыся праз тры гады, М. Сматрыцкі адыходзіць ад палемічнай барацьбы, таемна пераходзіць ва уніяцтва і парывае з усім тым, за што змагаўся дваццаць гадоў. У "Апалогіі", "Пратэстацыі", "Экзатэзісе" і іншых творах ён адкрыта адмовіўся ад сваіх мінулых поглядаў і асудзіў дзейнасць праваслаўных пісьменнікаў-палемістаў. Творы уніяцкага перыяду раскрываюць душэўны неспакой і трывогу рэлігійнага дзеяча, глыбіню яго асабістай трагедыі, якая стала адлюстраваннем той складанай і бурнай эпохі, у якую ён жыў. Дваістасць натуры М. Сматрыкага, як піша У. Кароткі, прадвызначыла і апошняе яго жаданне — "пакласці ў труну грамату ерусалімскага патрыярха і брэве папы рымскага". М. Сматрыцкі вядомы і як выдатны педагог і вучоны-філолаг. У брацкіх школах ён выкладаў стараславянскую, грэчаскую і лацінскую мовы, з'яўляўся рэктарам Кіеўскай брацкай школы. Абагульненнем педагагічнай і навуковай дзейнасці М. Сматрыцкага стала "Грамматики славенския правилное синтагма", дзе ўпершыню ў гісторыі славянскага мовазнаўства выкладзены поўны курс граматыкі і яе асноўных раздзелаў —арфаграфіі, этымалогіі, сінтаксіса і прасодыі (маўлення). Граматыка двойчы перавыдавалася ў Маскве і лічылася па тых часах самым аўтарытэтным падручнікам па славянскім мовазнаўстве. М. В. Ламаносаў вучыўся па гэтай граматыцы і называў яе "вратамі" сваёй вучонасці.