Реферат

Реферат Рэлiгiя i культура беларускiх зямель у IX першай палове XIII стст

Работа добавлена на сайт bukvasha.net: 2015-10-28

Поможем написать учебную работу

Если у вас возникли сложности с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой - мы готовы помочь.

Предоплата всего

от 25%

Подписываем

договор

Выберите тип работы:

Скидка 25% при заказе до 22.11.2024





План
Уводзiны

1. Полацкае i Тураўскае княствы – вытокi беларускай дзяржаўнасцi

2. Сацыяльна-эканамiчнае i палiтычнае жыццё княстваў у IX – пачатку XIII стст.

3. Рэлiгiя i культура беларускiх зямель у IX – першай палове XIII стст.

Заключэнне

Спiсак лiтаратуры


Уводз
i
ны

Утварэнне Старажытнарускай дзяржавы было падрыхтавана ўсім ходам сацыяльна-гістарычнага развіцця ўсходнеславянскіх зямель у VI–IX стст. Існуе тры групы ўнутраных і знешніх прычын утварэння гэтай дзяржавы. Першая з іх – група сацыяльна-эканамічных прычын, звязаных з развіццём земляробства і жывёлагадоўлі, рамяства і гандлю. Другая група прычын звязана з унутрыпалітычным развіццём усходнеславянскіх зямель. Трэцяя група прычын звязана са знешнепалітычнымі абставінамі.

Складальнік “Аповесці мінулых гадоў” расказвае аб існаванні ў усходніх славян да ўтварэння Старажытнарускай дзяржавы шэрагу самастойных мясцовых княстваў. Паляне мелі сваё княства на чале з Кіем, “а в древлях (у древлян) свое, в дреговичи свое, а словени свое в Новгороде, а другое на Полоте иже полочане”. Мясцовыя княжанні ўяўлялі сабой пачатковую форму дзяржаўнасці на Русі ці протадзяржавы. Славене, крывічы і мера плацілі даніну нарманам (варагам), якія рабілі частыя спусташальныя набегі на іх землі, а вяцічы, радзімічы, севяране і нейкі час – паляне плацілі даніну хазарам, якія стварылі моцнае цюркскае дзяржаўнае ўтварэнне з цэнтрам у нізоўі Волгі.

У сучаснай гістарыяграфіі тэрмінам “Кіеўская Русь” абазначаецца раннефеадальная дзяржава – манархія ўсходніх славян на чале з вялікім князем кіеўскім, якая ўзнікла ў выніку аб’яднання двух усходнеславянскіх дзяржаўных утварэнняў – “Куявы” (палітычны саюз палян, северан і вяцічаў, цэнтр – Кіеў) і “Славіі” (чудзь, славене, мера, крывічы, цэнтр – Ноўгарад) і якая існавала ў ІХ–ХІІ стст. на тэрыторыі, блізкай да шляху “з вараг у грэкі”.

Гісторыя Старажытнарускай дзяржавы пачынаецца з 862 г., калі, як сведчыць летапіс, чудзь, славене і весь накіравалі сваіх паслоў за мора – да варагаў, каб аб’явіць ім сваё рашэнне. “Зямля наша вялікая і багатая, а парадку ў ёй няма. Прыходзьце княжыць і валодаць намі”. “І абраліся трое братоў са сваімі родамі, і ўзялі з сабою ўсю русь, і прыйшлі да славян, і сеў старэйшы Рурык у Ноўгарадзе, … Сінеус – на Белавозеры, … Трувар – у Ізборску”.


1. Полацкае
i
Тураўскае княствы – вытокi беларускай дзяржаўнасцi

Вытокі дзяржаўнасці на нашай зямлі бяруць свой пачатак ў сівой мінуўшчыне. Узнікненне інстытута дзяржавы звязана з распадам першабытнага ладу, пераходам да суседскай абшчыны, паступовым выдзяленнем сярод агульнай масы насельніцтва палітычнай і духоўнай эліты, са спецыялізацыяй і канцэнтрацыяй вытворчасці, узнікненнем гарадоў і г. д. У VI-X стст. у Заходняй Еўропе складваюцца феадальныя дзяржавы ў франкаў, бургундцаў, англасаксаў, немцаў, вылучаюцца буйныя палітычныя цэнтры ў Даніі, Швецыі, Нарвегіі. Усталяваліся дзяржавы ў славян: чэхаў, мараваў, харватаў і славенцаў, палякаў. На землях Усходняй Еўропы працэс утварэння дзяржаў адбываўся ў VIII-X стст. Крывіцкі Полацк, палянскі Кіеў і славенскі Ноўгарад выступілі першымі цэнтрамі кансалідацыі ўсходнеславянскіх племянных саюзаў. Гэтыя саюзы ўяўлялі сабой паўпатрыярхальныя-паўфеадальныя "княжанні" з князямі на чале і насельніцтвам, якое характарызавалася агульнай этнічнай самасвядомасцю, моўным адзінствам і падабенствам культуры. Еўрапейская тэндэнцыя фарміравання дзяржаўнасці ахапіла тады і сярэднявечныя беларускія землі. Яны не былі першымі ў гэтых працэсах, але і не апошнімі. У першай палове ІХ ст., як паведамляе "Аповесць мінулых гадоў", паляне, драўляне, славене, а таксама дрыгавічы і палачане мелі свае племянныя "княжанні" - правобраз першапачатковага дзяржаўнага ўтварэння.

На мяжы VIII-ІX стст. вакол Полацка пачало складвацца аб'яднанне крывічоў, якое ў першай палове ІХ ст. сфарміравалася ў самастойную тэрытарыяльную, палітычную і эканамічную адзінку і на аснове якога аформілася раннедзяржаўнае Полацкае княжанне. Полацк упершыню прыгадваецца ў летапісах ужо ў 862 г. як адзін з важнейшых гарадоў Усходняй Еўропы. Сваім раннім узнікненнем і інтэнсіўным развіццём Полацкая зямля ў многім абавязана воднаму шляху "з варагаў у грэкі", які злучаў праз сістэму рэк Дняпра, Дзвіны, Ловаці і Волхава поўдзень кантынента з поўначчу, усход з захадам. Гэта важная магістраль, па якой у асноўным ішоў міжнародны гандаль і ажыццяўляліся паходы на Візантыю, стала воссю дзяржаваўтваральнага працэсу ва Усходняй Еўропе і вызначыла статус Кіева, Полацка і Ноўгарада як важных еўрапейскіх палітычных цэнтраў.

У X-XI стст. Полацкае княства з'яўлялася адным з буйнейшых і магутнейшых княстваў на тэрыторыі Усходняй Еўропы і сапернічала з Кіевам і Ноўгарадам у аб'яднанні зямель. Па сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму ўзроўню яно не саступала развітым дзяржавам таго часу.

У 862 г. ноўгарадскі князь Рурык вырашыў накіраваць намеснікаў у гарады, якія знаходзіліся ў сферы ўплыву Ноўгарада. Аднаго з іх ён паслаў у Полацк. У адказ на гэта кіеўскія князі Аскольд і Дзір, якія мелі ў Полацку свае інтарэсы, у 865 г. арганізавалі паход на Полацк і "много зла створиша" палачанам. Тым часам Паўночная Русь (Ноўгарад) і Паўднёвая Русь (Кіеў) аб'ядналіся. Пераемнік Рурыка Алег, які стаў у 882 г. вялікім кіеўскім князем, прызначыў крывічам як сваім падданым плаціць даніну на карысць Кіева, што, аднак, не прывяло да поўнай страты самастойнасці Полацкага княства. Крывічы ўдзельнічалі ў паходах кіеўскіх князёў 911 і 944 гг. на Візантыю. Але ў 40-70-я гады Х ст. Полацк выйшаў з-пад улады Кіева і аднавіў сваю палітычную самастойнасць.

Характар адносінаў Полацка з Кіевам у ІХ-ХІІ стст. з'яўляецца спрэчным. У літаратуры вызначыліся два асноўныя падыходы да гэтай праблемы. Першы разглядаў Кіеўскую Русь як адзіную дзяржаўную структуру, пабудаваную на аснове сузаранітэту - васалітэту, часткай якой было Полацкае княства. Прыхільнікі другога падыходу бачаць у Кіеўскай Русі няўстойлівы кангламерат плямён і народаў, у якім непрацяглы час і ў нетрывалым саюзе давялося пабываць і Полацкаму княству. Перыяды яго саюзніцкіх адносін з кіеўскімі князямі чаргаваліся з ваеннымі канфрантацыямі, ініцыятарамі якіх нярэдка выступалі полацкія князі.

У апошняй чвэрці X ст. тут, незалежна ад Кіева і ад Ноўгарада, правіў Рагвалод, які, як гавораць пра яго летапісы, прыйшоў з "заморья, имяше волость свою в Полотьске". Ён стаў першым персанажам беларускай гісторыі, чыё імя данеслі да нас крыніцы. Не выключана, што ён стаяў на чале нешматлікай заморскай дружыны, што прыйшла ў Полацк. Для нас самае важнае не паходжанне Рагвалода, а тое, што ён выступае як гістарычны дзеяч, поўнасцю адданы інтарэсам Полацка. Ён стаў княжыць тут у 60-70-я гг. X ст. і намерваўся ахапіць сваёй уладай землі ад Прыпяці да Фінскага заліва. Рагвалод замацаваў пазіцыі Полацка на землях дрыгавічоў. Паводле падання, ён накіраваўся на поўдзень па цячэнню Дняпра і, прыйшоўшы да вусця Прыпяці, выслаў уверх па рацэ адну са сваіх дружын на чале з Турам. Апошні выбраў выгаднае месца, пасяліўся на ім і збудаваў затым горад.

У Х ст. вакол Турава (цяпер гарадскі пасёлак Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці) сфарміравалася другое па значэнню ў беларускай гісторыі сярэдневяковае дзяржаўнае ўтварэнне. Працэс яго афармлення праходзіў у два этапы. Спачатку з рассяленнем дрыгавічоў у басейне Прыпяці сфарміраваўся самастойны саюз плямёнаў - перадфеадальнае этнічнае княжанне. Гэта яшчэ не было ўласна княства з развітымі феадальнымі адносінамі, а аб'яднанне аднароднага ў этнічных адносінах насельніцтва. Старажытнае княжанне дрыгавічоў згадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў". На чале гэтага княжання стаяў мясцовы князь, акружаны старэйшынамі родаў і больш дробных плямёнаў, якія ўваходзілі ў склад дадзенага першапачатковага дзяржаўнага ўтварэння. На другім этапе племянное дрыгавіцкае княжанне пераўтвараецца ў феадальнае Тураўскае княства, якое ўжо з'яўлялася тэрытарыяльна-палітычнай адзінкай.

У часы Рагвалода Полацкае княства - магутная, суверэнная, прызнаная дзяржава, якая выступіла аб'яднальным цэнтрам значнай часткі ўсходнееўрапейскага масіву славянства. Таму яна можа разглядацца на аднолькавым узроўні з Кіеўскай дзяржавай. Сведчаннем прызнання Полацка з боку Ноўгарада і Кіева могуць быць падзеі, занатаваныя летапісцамі пад 980 годам. Тады наспела неабходнасць у саюзе Полацкага і Кіеўскага княстваў, замацаваць які збіраліся звыклым для тых часоў шляхам - шлюбам дачкі Рагвалода князёўны Рагнеды і кіеўскага стольнага князя Яраполка.

Ноўгарадскі князь Уладзімір Святаслававіч, які намерваўся авалодаць вялікакняжацкім тронам, вырашыў умяшацца і парушыць палітычныя сувязі Полацка і Кіева. Поспех у будучым супрацьстаянні мог вырашыцца тым, на чыім баку выступіць полацкі князь. Знешне падзеі выглядалі ў форме сватання Уладзіміра да Рагнеды, ужо заручанай з Яраполкам. У гэтым асабістым трохкутніку мы зноў бачым палітычны трохкутнік Кіеў-Полацк-Ноўгарад. А гісторыя сватання ноўгарадскага і кіеўскага князёў да Рагнеды адлюстроўвае барацьбу Ноўгарада і Кіева за ўплыў на Беларусі. Гэта барацьба за прыярытэт і саюз з Полацкам прывяла ледзь не да поўнага вынішчэння мясцовай княжацкай дынастыі і часовай страты ім палітычнай незалежнасці.

Абражаны адказам, Уладзімір кінуў супраць Полацка "вои многи" - шматлікія вайсковыя сілы Паўночнай Русі. Горад быў абрабаваны і спалены. Рагвалод, яго жонка і сыны - забіты. Мужчынская лінія полацкіх князёў была знішчана. Рагнеда гвалтам узята ў жонкі. Уладзімір, які, безумоўна, меў заслугі перад Руссю, для нашых продкаў быў захопнікам і забойцам.

Пасля захопу Полацка Уладзімір пайшоў на Кіеў, забіў свайго брата (па бацьку) Яраполка і сеў на вялікакняжацкі трон. Яму ўдалося на нейкі час сабраць пад сваёй уладай вялікія абшары ўсходнееўрапейскіх славянскіх зямель, у т. л. большасць тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 983 г. падпарадкаваў зямлю яцвягаў, у 984 г. - прывёў да пакоры радзімічаў, якія перасталі плаціць Кіеву даніну. Факт уплаты даніны быў раўназначны прызнанню над сабой улады Кіева і ўваходжанню ў склад старажытнай Русі.

Пачатак палітычнаму адраджэнню Полацкага княства на мяжы X-XI стст. паклаў князь Ізяслаў (Уладзіміравіч), высланы на радзіму разам са сваёй маці Рагнедай пасля яе няўдалага замаху на жыццё Уладзіміра. Разам з Ізяславам узнаўляўся род полацкіх князёў, якія нязменна называлі сябе Рагвалодавічамі (пазней Усяславічамі), а не Рурыкавічамі, як астатнія рускія князі. Ізяслаў спрыяў распаўсюджванню тут хрысціянства.

Другая палова XI ст. звязана з імем буйнейшага ўсходнееўрапейскага палітычнага дзеяча князя Усяслава (1044-1101). Ужо ў сучаснікаў гэта незвычайная асоба Рагвалодава нашчадка з яго палітычным розумам, хітрасцю, невычэрпнай энергіяй, з яго жыццём, поўным рашучых учынкаў, бліскучых узлётаў і трагічных падзенняў, выклікала здзіўленне, здавалася загадкавай. Усе летапісныя паданні звязваюць яго жыццё і дзейнасць з нейкімі дзівосамі. Тайна ахінае ўжо яго прыход у свет. "Его же роди мати от волхования", - піша "Аповесць мінулых гадоў". Яшчэ пры жыцці князь стаў чалавекам-легендай, а пасля смерці - героем розных паданняў, гістарычных песень і былін.

З пачатку 60-х гадоў XI ст. Усяслаў выходзіць на ўсходнееўрапейскую арэну: падтрымаў Кіеў у барацьбе з качэўнікамі; падкрэсліў дзяржаўную асобнасць Полацка і засведчыў свету яго роўнасць з Кіевам і Ноўгарадам узвядзеннем Сафійскага сабора. Выкарыстаўшы спрыяльныя палітычныя абставіны: пачатак распаду старажытнай Русі, міжусобную барацьбу, якой былі адцягнуты сілы Кіева, - "поча Всеслав рать держать". У 1065 г. ён са сваёй дружынай напаў на Пскоў, але ўзяць не змог. У 1066 г. полацкая дружына рушыла на Ноўгарад, разрабавала яго, спаліла частку горада, захапіла палонных. У знак падначалення Ноўгарада паздымалі званы з Сафійскага сабора і прывезлі ў Полацк - тут жа свая Сафія...

Абураныя такімі паводзінамі Яраславічы - сыны Яраслава Мудрага: Ізяслаў Кіеўскі, Святаслаў Чарнігаўскі і Усевалад Пераяслаўскі - вырашылі ўціхамірыць полацкага князя. Аб'яднанае войска падышло да Менска. "Меняне затворишася в граде", аднак выстаяць супраць злучаных сіл паўднёвай Русі не змаглі. Расправа з імі была выключна жорсткая: усе мужчыны былі перабіты, а жанчыны і дзеці ўзяты ў палон. Менск ляжаў у руінах. Менавіта ў сувязі з такімі драматычнымі падзеямі 1067 г. упершыню згадваецца ў летапісах наша цяперашняя сталіца. Яраславічы захапілі Менск, рушылі на Нямігу. Полацкая дружына выступіла насустрач ім. З сакавіка 1067 г. тут адбылася адна з самых крывавых бітваў у нашай старажытнасці: "Бысть сеча зла и мнози падоша", берагі Нямігі былі "засеяны касцьмі рускіх сыноў". Палачане былі разбіты, але Яраславічы адступілі да Оршы, куды запрасілі Усяслава на перамовы. Калі ж той з'явіўся, вераломна схапілі яго і адвезлі ў Кіеў, пасадзілі "ў поруб" - цямніцу, дзе ён прасядзеў 14 месяцаў. Аднак паўстаўшымі 15 верасня 1068 г. кіяўлянамі з вязняў Усяслаў быў раптоўна "ўзнесены" ў вялікія князі.

7 месяцаў ён поўнаўладна кіраваў Кіеўскай дзяржавай. У наступным 1069 г. выгнаннік - вялікі князь Ізяслаў пры падтрымцы войска польскага караля Баляслава рушыў на Кіеў адстойваць "справядлівасць". Насустрач выйшла кіеўская дружына з Усяславам на чале. Развязка была нечаканай: напярэдадні бітвы Усяслаў кінуў войска і вярнуўся ў Полацк.

Эпоха Усяслава была часам найбольшай магутнасці Полацкай зямлі. З яго смерцю княства падпала пад працэс феадальнага драблення, нібы ў мініяцюры паўтарыла лёс старажытнай Русі. У самастойныя ўдзелы вылучыліся Менск, Віцебск, Друцк, Ізяслаўль і Лагожск, Лукомль. Полацк, які захаваў статус "стольнага" горада, падаўляў сепаратысцкія замашкі ўдзелаў. Аднак яго ўплыў слабеў. У XII ст. даволі хутка расла палітычная роля Менска, які стаў сапернікам Полацка ў аб'яднанні зямель. На пэўны час Менск стаў значным адміністрацыйна-палітычным, вайсковым і культурным цэнтрам Беларусі. Барацьба, якая ішла паміж удзеламі Полацкай зямлі, не была сепаратысцкай, нацэленай на поўную адасобленасць. Гэта была барацьба за дамінаванне ў княстве і выяўлялася яна ў дамаганні вялікакняжацкага прастола.
2. Сацыяльна-эканамiчнае
i
палiтычнае жыццё княства
ў у IX – пачатку XIII
стст.

Насельніцтва беларускіх зямель не было аднародным На адным полюсе феадальонага грамадства стаялі князі і баяры. Эканамічную аснову іх панавання і багацця складала ўласнасць на зямлю. Існавалі розныя формы феадальнага землеўладання: вотчыннае – валоданне зямлёй, сядзібай і сялянамі з правам продажу зямлі, раздзелу яе і перадачы ў спадчыну; памеснае – перадача зямлі ў часовае ўладанне за службу без права спадчыны; царкоўнае і манастырскае – знаходжанне зямель ва ўласнасці царквы і манастыроў.

Клас феадалаў меў іерархію. На вяршыні піраміды знаходзіўся вялікі князь, ніжэй – князі-кіраўнікі асобных зямель, княстваў (“отчын”), яшчэ ніжэй – феадалы-уладальнікі вялікіх і малых памесцяў (баяры, дваране). Дробныя феадалы ішлі на службу да багацейшых і знатных, станавіліся іх васаламі і карысталіся іх заступніцтвам.

Феадалы карміліся за кошт сваіх вотчын. Вотчына ўключала замак феадала, абкружаны землянымі валамі і равамі, драўлянай сцяной, за якой размяшчаліся замкавыя пабудовы, а таксама падпарадкаваную феадалу вясковую акругу. Баярскія двары-замкі ўяўлялі сабой своеасаблівыя сталіцы мікраскапічных дзяржаў у дзяржаве. Уладара абслугоўвала залежная ад яго чэлядзь. Ён меў уласнае войска, з дапамогай якога ахоўваў сваё дабро і здзяёсняў уладу над сялянамі вясковай акругі. З уласным войскам феадал выступаў на вайну па патрабаванні князя ці мацнейшага феадала. Войска складалася са старэйшай дружыны вялікіх князёў і князёў буйных зямель, у якой служылі феадалы-баяры, і малодшай дружыны, з якой служылі баярскія і дваранскія дзеці, а таксама з войска феадалаў, якое ўключала ў сябе не толькі васальных баяр, але і служылых людзей, рамеснікаў і вольных сялян, што парвалі з абшчынай. Крыніцы называюць і гарадскія палкі, якія фарміраваліся па тысячах і дзяліліся на сотні.

Большую частку насельніцтва складалі сяляне. Сярод іх крыніцы называюць смердаў (найбольш шматлікая група феадальна залежных сялян), закупаў (часова несвабодныя людзі, якія трапілі ў даўгавую залежнасць за ўзятую пазыку (купу), халопаў і рабоў (асабіста несвабоднае насельніцтва). Вядомы таксама радовічы – сяляне, звязаныя з феадалам нейкімі абавязацельствамі (“радам”, адсюль словы “радзіцца”, “дамаўляцца”), ізгоі – сяляне, якія выйшлі з абшчыны, знаходзіліся на службе ў феадалаў і поўнасцю залежалі ад іх волі.

Асноўнай вытворчай адзінкай з’яўлялася гаспадарка адной сялянскай сям’і (“дым”, “рала”). Гаспадарча самастойныя сялянскія сем’і сяліліся невялікімі вёскамі, якія называліся “весямі”. Адміністрацыйным і рэлігійным цэнтрам некалькіх “весяў” было вялікае сяло – “пагост”. Жыллём служылі невялікія зрубы ці паўзямлянкі з глінабітнымі печамі, у якіх палілася па-чорнаму.

Земляробчае насельніцтва арганізоўвалася ў абшчыны, якія называліся “вервь” ці “мир”. Абшчына аб’ядноўвала сем’і адной або некалькіх вёсак. Зямля з’яўлялася ўласнасцю абшчыны і перыядычна пераразмяркоўвалася паміж асобнымі сем’ямі. У абшчынным карыстанні заставаліся сенажаці, лугі, лясныя ўгоддзі, рэкі і азёры. Абшчыннікі былі звязаны паміж сабой кругавой парукай: разам адказвалі за здзейсненае на яе тэрыторыі злачынства, калі віноўнік невядомы, узнаўлялі страты, нанесеныя гаспадарцы або рэчы ўласніка. Абшчына была адным са сродкаў супраціўлення наступленню феадалаў на сялянскія землі і ўгоддзі. У працэсе эвалюцыі з абшчыны вылучаліся заможныя сялянскія гаспадаркі.

Асноўныя формы сялянскіх павіннасцей – аброк ці “павоз” (аплата натурай часткі сялянскага прыбытку) і паншчына (баршчына) (работа на барскім полі). Сяляне таксама працавалі на будаўніцтве гарадоў, замкаў, абарончых ліній, дарог. У час войнаў і феадальных міжусобіц яны аддавалі сваіх коней, абавязаны былі пастаўляць прадукты харчавання.

Большую частку неабходных для жыцця рэчаў сяляне рабілі самі. Яны пралі і ткалі, шылі адзенне і абутак, будавалі хаты, рабілі мэблю, посуд і г.д. Сыравінай для вытворчасці тканін, напрыклад, служылі шэрсць, лён і каноплі. Ткалі на гарызантальных ткацкіх станках.

Паралельна з падсечнай сістэмай земляробства ў лясной зоне існавала земляробства на адкрытых прасторах – у далінах, на лясных палянах і сухадольных лугах, а таксама на высахлых тарфяніках. Надзелы, якія апрацоўваліся, рана ці позна гублялі сваю ўрадлівасць і зарасталі пустазеллам. Іх пакідалі для аднаўлення натуральнай урадлівасці, каб выкарыстоўваць праз некаторы час. Такую сістэму земляробства называюць пераложнай. Прымянялася двухполле ці трохполле. Пры двухпольнай сістэме зямельны ўчастак дзялілі на дзве часткі. На адной з іх папераменна вырошчвалі яравыя і азімыя культуры, другая ж знаходзілася пад папарам, г.зн. адпачывала. Пры трохпольнай сістэме участак дзялілі на тры часткі: адну засявалі яравымі, другую – азімымі, а трэцюю адводзілі пад папар.

Нягледзячы на прастату, даступнасць і адносную эфектыўнасць падсечнай і пераложнай сістэм земляробства, уласцівыя ім недахопы (хуткае спусташэнне зямлі, неабходнасць падрыхтоўкі новых палёў, пастаянныя перасяленні і г.д.) вызначалі неабходнасць пераводу земляробства да апрацоўкі стараворных, акультураных зямель. Гэты перавод здзяйсняўся ва ўмовах рэгулярнага ўнясення ў глебу арганічных угнаенняў (гною). У сістэме земляробства рашаючае значэнне набыла папарная збожжавая сістэма з двухпольным ці трохпольным севазваротам. Сеялі жыта, пшаніцу, авёс, ячмень, проса, грэчку, гарох, лён, каноплі.

Асаблівасцю развіцця жывёлагадоўлі было тое, што да канца І тысячагоддзя н.э. зацвердзілася стойлавае ўтрыманне жывёлы. Паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва і бортніцтва ігралі падначаленую ролю.

Поспехі, дасягнутыя ў сельскагаспадарчай вытворчасці, стварылі ўмовы для аддзялення рамяства і гандлю ад земляробства. Месцам канцэнтрацыі гэтых відаў гаспадаркі з’яўляліся гарады.

Пад 862 г. летапіс упамінае Полацк, пад 980 г. – Тураў. Апавядаючы пра падзеі ХІ ст., летапісы паведамляюць аб існаванні яшчэ 12 гарадоў: Брэста, Віцебска, Мінска, Заслаўя, Браслава, Оршы, Пінска, Друцка, Лагойска, Лукомля і інш. Падзеі ХІІ ст. пакінулі ў летапісах успаміны яшчэ пра 17 гарадоў: Слуцк, Барысаў, Гародня, Клецк, Камянец, Мсціслаўе, Крычаў, Гомель, Рагачоў, Брагін, Мозыр, Чачэрск і інш. У ХІІІ ст., паводле пісьмовых крыніц, існавалі таксама Рэчыца, Нясвіж, Новагародак, Слонім, Ваўкавыск, Капыль, Кобрын і інш. У ХІV ст. становяцца вядомымі Магілёў, Ліда, Быхаў, Свіслач і інш.

Пісьмовыя крыніцы і археалагічныя матэрыялы, на думку Э.М. Загарульскага, сведчаць аб тым, што ўзнікненне гарадоў звязана са славянскім этапам у гісторыі Беларусі. У аснове большасці гарадоў ляжалі такія феадальныя паселішчы, як феадальны і княжацкі замак або пагранічная крэпасць, ваенна-адміністрацыйны і фінансава-адміністрацыйны цэнтр акругі, феадальная сядзіба. У замку ці каля яго сяліліся рамеснікі і гандляры, бо феадалы з’яўляліся заказчыкамі і спажыўцамі іх прадукцыі. Па меры павелічэння ўдзельнай вагі гэтай катэгорыі людзей паселішча ператваралася ў горад.

Акрамя замка ці пагранічнай крэпасці (магутных абарончых збудаванняў), існавання рамяства і гандлю, для горада ранняга сярэдневечча былі характэрнымі дастаткова вялікая плошча ўмацаванай часткі паселішча (ад 1 да 10 га), радыяльная альбо веерападобная сетка вуліц, якія зыходзіліся да гарадскіх варот, элементы добраўпарадкавання (брук (часта вуліцы масціліся дрэвам, дрэнажная сістэма), наяўнасць рынка, які размяшчаўся каля гарадскіх варот, а таксама манументальных культавых і свецкіх пабудоў (каменныя цэрквы, княжацкія палацы).

Цэнтральная ўмацаваная частка горада называлася дзяцінцам. Гэта – арыстакратычная частка горада, дзе пераважна сяліліся феадалы (князь, дружына, баяры), заможнае купецтва, белае духавенства. Побач з дзяцінцам размяшчаўся, як правіла, неўмацаваны рамесніцка-гандлёвы пасад. З часам узнікалі знешнія ўмацаванні (Пінск) ці ўмацаванні ў частцы пасады (Новагародак). Насельніцтва большасці гарадоў складала ад 1 да 3 тыс. чалавек.

У гарадах існавалі некалькі дзесяткаў відаў розных рамёстваў. Развіты былі металаапрацоўка, дрэваапрацоўка, ганчарная і гарбарная справы, разьба па косці. У буйных гарадах ювеліры валодалі майстэрствам зерні і эмалі, выраблялі складаныя і дарагія ўпрыгожанні з золата і серабра. У Полацку была наладжана вытворчасць шкляных упрыгожанняў, бранзалетаў, якія карысталіся вялікім попытам гараджанак. Гарадскія жыхары занімаліся таксама земляробствам, жывёлагадоўляй, садаводствам і рыбалоўствам, паляваннем.

Развіваўся гандаль. Археалагічныя даследаванні выявілі ў заходніх землях Русі прадметы візантыйскай, заходнееўрапейскай і ўсходняй вытворчасці. З Візантыі ў спецыяльных гліняных пасудзінах – амфарах – прывозілі віно і аліўкавы алей, пастаўляліся таксама з гэтай краіны каштоўны посуд і прадметы хрысціянскага культу. Фаянсавы посуд іранскай вытворчасці знойдзены ў Новагародку і Лукомлі. У Ваўкавыску знойдзены вырабы з косці паўднёва-германскай вытворчасці, а ў Мінску – касцяная разная лыжачка для прычасця французскай вытворчасці. З Заходняй Русі ў суседнія краіны вывозіліся зерне, футра, скура, воск. Вядома аб існаванні ў Кіеве полацкага гандлёвага двара. Сведчаннем развітога гандлю з’яўляюцца знаходкі манет, сярэбраных грашовых злепкаў, якімі аплочваліся буйныя таварныя партыі. Гандляры ўзмацняліся эканамічна і палітычна, стваралі свае аб’яднанні – “братчыны”.

У XII ст. узмацняецца актыўнасць народных мас, знаці: на старонкі летапісаў усё часцей пападаюць "палачане", "дручане", "меняне" і інш., у батальных падзеях XII ст. фігуруе народнае апалчэнне - "воі". Бясконцыя міжусобіцы патрабавалі вялікіх сродкаў і падтрымкі з боку феадалаў. Таму князі станавіліся ўсё больш залежнымі ад баярства, якое стала адыгрываць вялікую ролю ў палітычным жыцці гарадоў.

Развіццё феадальных адносін, рост гарадоў, узмацненне ролі гарадской вярхушкі, актывізацыя мас разам з аслабленнем княжацкай улады абумовілі складванне новага палітычнага ладу, пры якім рэальная ўлада стала належаць сходу гараджан - веча. Летапісец запісаў, што палачане "сталі кіравацца вечам, як у Вялікім Ноўгарадзе і Пскове, гаспадара над сабой не мелі". Веча існавала ў Полацку і, відаць, у Менску, Друцку, Віцебску. Яго роля ў палітычным жыцці зямлі з канца 20-30-х гг. XII ст. узмацняецца. Баярска-купецкая вярхушка выкарыстоўвала вечавыя сходы ў сваіх інтарэсах. Князям даводзілася лічыцца з воляй уплывовых баяр і купцоў, якія валодалі значнымі матэрыяльнымі сродкамі (землямі, лясамі, дамамі, гандлёвымі суднамі і г.д.), а таксама вялікімі грашовымі сумамі.

Паўнапраўнымі ўдзельнікамі веча прызнаваліся толькі свабодныя людзі. На сход жыхароў збіраў вечавы звон на гарадской плошчы. Князь, ураднік ці найбольш паважаны стары чалавек рабіў кароткае паведамленне аб сутнасці справы, з-за якой склікана веча. Затым ішло яе абмеркаванне. На прапановы прамоўцаў веча адказвала гоманам. Галасоў не лічылі (гэта і нельга было зрабіць), на слых вырашалі, што ўхваляюць удзельнікі. Часта большасць затыкала рот кулаком ці шапкай меншасці, каб пазбавіць яе голасу і правесці такім чынам сваё рашэнне. (Ці не адсюль прымаўка: "Ты мне рот не затыкай!").

Веча абмяжоўвала ўладу князя, але не знішчала яе. Полацкі князь ажыццяўляў суд і ўнутранае кіраванне, раздаваў воласці сваім васалам, мог заключыць мір. Узаемаадносіны веча і князя трэба разглядаць як першыя крокі на шляху размежавання і падзелу ўладаў - заканадаўчай (веча) і выканаўчай (князя).

Важнай прэрагатывай веча быў кантроль за дзейнасцю свайго князя. Яно трымала князёў у моцнай залежнасці ад сябе. Веча запрашала князя, які прымаў умовы "рада" (пагаднення), выпрацаванага гараджанамі. Істотнай асаблівасцю выбарнасці кіраўніка ў Полацкай зямлі было тое, што гэты выбар абмяжоўваўся вузкім колам асоб з мясцовай дынастыі Рагвалодавічаў - Усяславічаў, што падкрэслівала адданасць свайму княжацкаму роду.

Полацкае веча не раз выганяла непажаданых князёў (1128,1132,1151,1159 гг.). У XII ст. род Усяслава разросся. Князёў стала больш, чым удзелаў, і яны пакорліва зносілі сваю залежнасць ад веча, якое мяняла аднаго князя на другога. Ад новаабранага гаспадара патрабавалася прысяга - "крыж цалаваць". Факт выгнання князёў і кантроль за іх дзейнасцю сведчыць пра слабасць княжацкай улады ў Полацку. Толькі ў адным выпадку князь карыстаўся прэрагатывай у поўную меру - у якасці военачальніка. Ён нёс перад гараджанамі ўсю адказнасць за поспехі і пралікі ў ваенных дзеяннях. Гэта была галоўная функцыя ўлады князя.

Веча ў Полацку вырашала і іншыя найбольш важныя пытанні дзяржаўнага жыцця: раскладка павіннасцей і падаткаў, міжнародныя справы. Яго рашэнні былі абавязковыя для ўдзелаў, што нагадвала рысы арыстакратычнай рэспублікі ў палітычным ладзе старабеларускай дзяржавы. У гэтым яе падабенства з палітычным ладам Ноўгарадскай зямлі.

Закладзеныя ў Х-ХІ стст. падмуркі самастойнасці Полацкай зямлі сталі перадумовай таго, што ў ХІІ ст. яна паспяхова адстойвала свае межы, у пачатку ХІІІ ст. стала на абарону ўсходнееўрапейскіх інтарэсаў, уступіла ў цяжкую башпре бу з мечаносцамі.

3. Рэлiгiя
i
культура беларускiх зямель у IX – першай палове XIII стст.

Хрысціянскай рэлігіі на Русі папярэднічала язычніцтва. Язычніцтва (ад царкоўнаславянскага “языцы” – народы, чужаземцы) – прыняты ў багаслоўі і ўмоўна ў гістарычнай літаратуры тэрмін, які абазначае старадаўнія вераванні і культы, што існавалі да пашырэння т. зв. “вышэйшых” рэлігій – хрысціянства, ісламу і інш. Для нашага далёкага продка-язычніка маланка азначала гнеў Перуна, набрыньвалі коцікі на вярбе – багіня вясны ўзялася за справу; каменні пад сахою пасеяў чорт, у хаце гаспадарыў дамавік. Навокал чалавека дзейнічалі сілы, якіх трэба было слухацца, каб жыць у згодзе з навакольным светам.

З прыняццем хрысціянства разумовы, духоўны, рэлігійны стан грамадства зазнаў істотныя змены. Язычніцкае для хрысціянства стала сінонімам “д’ябальскага”, варварскага.

У адрозненне ад Рымскай імперыі, хрысціянства на Старажытную Русь прыйшло, па-першае, у гатовым выглядзе, з адшліфаванымі за дзевяць стагоддзяў свайго існавання формуламі, са Старым і Новым Запаветам, з літаратураю айцоў царквы, з культамі Хрыста і Багародзіцы, са стараславянскай мовай, прынесенай першымі місіянерамі з Візантыі. Па-другое, пры ўсёй складанасці станаўлення ранняга хрысціянства ў Рымскай імперыі яно ўсё ж такі развівалася ў накірунку ад нізоў да вярхоў, ураду, эліты. У славянскім грамадстве хрысціянства наладжвалася зверху – ад эліты да народа. Па-трэцяе, злом свядомасці, адмаўленне ад веры бацькоў і дзядоў, руйнаванне старых духоўных каштоўнасцей, замена язычніцкіх міфаў новымі суправаджалася знішчэннем абаронцаў былой веры, гатовых адстайваць свае перакананні. Гэтае знішчэнне прыняло форму дзяржаўнай палітыкі, было адной з паліцэйскіх функцый вялікакняжацкай улады.

Хрысціянства на Кіеўскую Русь прыйшло з Візантыі. Першая царква была пабудавана ў Кіеве, відавочна, яшчэ ў ІХ ст. Сучасніца Візантыйскага імператара Канстанціна Барвянароднага – руская княгіня Вольга прыняла хрысціянства. А яе ўнук Уладзімір Святаслававіч у 988–989 гг. пачаў хрышчэнне Русі. Ён найперш знішчыў язычніцкіх багоў – Дажбога, Стрыбога, Сімаргла, Макошу, Перуна. Па яго загаду Перуна прывязалі да конскага хваста, пацягнулі да Дняпра, і слугі князя па дарозе білі яго бізунамі. Потым вярхоўнага бога скінулі ў раку. Людзі, якія верылі ў свайго бога, плакалі, беглі за ім. Насуперак чаканням чараўнікоў, гром не грымнуў, маланкі ў Кіеў не ўдарылі. Князь Уладзімір застаўся жывы і быў здаровы многія гады. Аднак, каб народ маўчаў, князь перад хрышчэннем аб’явіў: хто не прыйдзе да Дняпра, вораг яму, Уладзіміру. Спрачацца з князем асмеліліся нямногія. Тыя ж, хто не асмеліўся, прыйшлі раніцай да дняпроўскага берагу і па знаку прыбыўшага разам з Уладзімірам мітрапаліта і пад пагрозаю бізуноў княжацкай дружыны ўвайшлі ў ваду па шыю. Выйшлі з вады, атрымалі крыжык – і сталі хрысціянамі. Забаранялася старая і ўводзілася новая абраднасць, падлягалі забыццю імёны старых божышчаў; месцы паганскіх маленняў разбураліся.

Пасля знішчэння Перуна ў Кіеве, належала перамагчы язычніцтва ў іншых землях. Па водным шляху адправіліся з Кіева з місіяй хрысціянізацыі грэчаскія і балгарскія святары, а з імі дзядзька князя Уладзіміра – Дабрыня з войскам. Маршрут іх пралягаў праз Полацкае княства да Ноўгарада. Першым на іх шляху быў горад Тураў, дзе місіянерам аказалі ўпартае супраціўленне. Пра крывавае хрышчэнне тураўцаў сведчыць легенда аб чырвоных каменнях, якія быццам бы прыплылі па рацэ ў горад, у чым бясспрэчна чуецца памяць пра разню, якую абрушыў на мясцовых язычнікаў Дабрыня. Пазней, як паведамляе летапіс, людзі казалі, што Пуцята хрысціў агнём, а Дабрыня – мячом.

Калі з’явіліся першыя хрысціяне ў Полацкай зямлі, сказаць цяжка. Паводле падання, ужо ў ІХ ст. тут былі хрысціяне. Вядома, што землі Беларусі размяшчаліся на вялікім водным шляху “з варагаў у грэкі”, па якім ішоў не толькі гандаль з Візантыяй, але і распаўсюджвалася хрысціянская вера і культура. У 992 г. была створана Полацкая епархія, у 1003 г. = Тураўская.

Хрысціянская вера не прыйшла на беларускія землі як вера, усталяваная толькі гвалтам і насіллем, агнём ды мячом. Праўда, была і барацьба паміж святарамі новай веры і чараўнікамі, прыхільнікамі язычніцтва, але ўсё ж такі хрысціянскія погляды пераймаліся, як і ўся культура, адносна мірным шляхам. Яны выціскалі з жыцця грамадства старыя, язычніцкія погляды, часта зліваючыся з імі. Так, святы прарок Ілля стаў падобны да Перуна. Язычніцтва ў асноўным заставалася бытавой рэлігіяй сялянства з яго натуральнай гаспадаркай, патрыярхальным ладам жыцця, поўным залежнасці ад сіл прыроды. Многія сяляне патаемна выконвалі язычніцкія абрады. Гарадское супольнае жыццё, наадварот, схіляла да разумення і ўспрыняцця палажэнняў хрысціянскай рэлігіі, яе сімволікі. Такім чынам, стваралася тое двухвер’е, якое існавала на тэрыторыі Беларусі з даўнейшых часоў, існуе сёння і дазваляе славянскаму язычніцтву мірна ўжывацца з усходнім і заходнім хрысціянствам.

Сёння ў памяці народа жывуць розныя язычніцкія міфалагічныя ўяўленні аб існаванні “таго свету”, святкуюцца “дзяды” і “радаўніца”, апавядаюцца гісторыі пра русалак, лесавікоў, чарцей, ведьзьмаў. Працягваецца традыцыя паважлівых адносін да агню, у фальклоры ўслаўляюцца сонца, месяц, зоркі, дрэвы, рэкі і г.д. Захоўваюцца некаторыя язычніцкія абрады – гуканне вясны, купалле, валачобніцтва, юр’еўскія і траецкія звычаі. Але ўсе яны страцілі цяпер сваю магічную сілу, сталі хутчэй за ўсё гістарычнымі традыцыямі і абрадамі беларускага народа.

Вышэйшым узорам старажытнарускай культуры з’яўляецца манументальная архітэктура. У Х–ХІІІ стст. у архітэктуры Еўропы дамінаваў раманскі стыль. Грамадзянскія і культавыя раманскія пабудовы вызначаліся масіўнасцю, суровай манументальнасцю і крапаснымі рысамі. У муроўцы абавязкова ўжываўся часаны і прыродны камень, часам разам з цэглай. Рысы раманскага стылю ёсць у многіх помніках беларускага дойлідства.

З прыняццем хрысціянства бярэ пачатак каменна-цаглянае будаўніцтва, узвядзенне манументальных культавых пабудоў. На пачатковым этапе рускія дойліды пераймалі візантыйскія архітэктурныя формы, потым іх пераасэнсавалі ў адпаведнасці са сваімі мастацкімі густамі, традыцыямі.

Будаўніцтву сабораў на Русі надавалася дзяржаўнае і палітычнае значэнне. Цэрквы былі не толькі культавымі ўстановамі, але і важнейшымі цэнтрамі інфармацыі аб палітычных, рэлігійных і грамадскіх справах і падзеях. У іх захоўваліся казна, бібліятэкі, архівы. Каля сцен цэркваў праходзілі сходы гараджан. Пры храмах і манастырах навучалі грамаце, тут пісаліся славутыя рускія летапісы.

У сярэдзіне ХІ ст. у Полацку, следам за Кіевам і Ноўгарадам, быў пабудаваны старажытнейшы з вядомых на тэрыторыі Беларусі мураваны Сафійскі сабор (Сафія – гэта ўвасабленне Слова Божага, другога твару Троіцы). Ён меў шмат агульнага з наўгародскай Сафіяй. Будаўнічым матэрыялам была плітачная цэгла і брукаваны камень. План храма адрозніваецца строгай сіметрыяй. Унутраная прастора падзялялася 16 слупамі на пяць ўздоўжных нефаў1. Пасярэдзіне будынка змяшчаўся галоўны купал, вакол якога групавалася яшчэ 4 меньшых. Сцены ўнутры сабора былі распісаны фрэскамі і ўпрыгожаны мазаікай. Сабор неаднаразова перабудоўваўся, апошні раз – у XVIII ст. у стылі віленскага барока.

У XII ст. у Віцебску была пабудавана Благавешчанская царква, якая моцна пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны і канчаткова разбурана ў 1961 г. Храм аднаапсідны2, трохнефавы, шасціслупавы, нагадвае заходнееўрапейскія базілікі1. Царква мела багаты фрэскавы роспіс: фігуры святых, ілюстрацыі да біблейскіх сказанняў. Не выключана, што грэчаскіх майстроў-будаўнікоў храма прывезлі з сабой полацкія князі, калі вярталіся ў 1140 г. з візантыйскай ссылкі.

У сярэдзіне ХІІ ст. у Полацку быў пабудаваны Спаса-Праабражэнскі (Спаса-Ефрасіннеўскі) сабор, які захаваўся амаль цалкам. Храм лічыцца вяршыняй полацкай архітэктуры. Ён уяўляе сабой вежападобны, выцягнуты ў плане шасціслупавы будынак з адной паўкруглай апсідай. У прыгарадзе Полацка – Бельчыцах, якія магчыма былі загараднай рэзідэнцыяй полацкіх князёў, у ХІІ–ХІІІ стст. былі пабудаваны Вялікі сабор, Пятніцкая і Барысаглебская цэрквы, а таксама Манастырскі дом, які меў выцягнутую форму і акрамя ўсходняй апсіды яшчэ два адкрытыя ўнутр паўкруглыя выступы (конхі). Падобныя тыпы храмаў (трыконхі) былі распаўсюджаны на Балканах і Афоне.

З пабудоў ХІІ ст. трэба адзначыць трохапсідную, чатырохслуповую Барысаглебскую царкву ў Новагародку (на рэштках старажытнай мураванай пабудовы ў ХVI ст. узведзена новая) і царкву ў Тураве, якая была пабудавана з плінфы спосабам роўнаслойнай муроўкі на растворы з дамешкай цамянкі (дробна тоўчанай цэглы). У 1949 г. у раскопках Мінскага Замчышча знойдзены падмурак старажытнай каменнай царквы, якая па невядомых прычынах не была дабудавана.

Яскравай і самабытнай з’яўлялася гродзенская архітэктурная школа. У ХІІ ст. былі пабудаваны царква Барыса і Глеба на Каложы на ўскраіне старажытнага Гродна, Крэпасныя вежы, Ніжнаяя царква на тэрыторыі гродзенскага дзядзінца, гродзенская Прачысценская царква, а таксама храм, заложаны на Ваўкавыскім Замчышчы. Спалучэнне чырвонага фону цаглянай кладкі з умураванымі разнакаляровымі керамічнымі маёлікавымі пліткамі і паліраванымі камянямі надавалі архітэктурным ансамблям маляўнічасць і непаўторнасць. Для паляпшэння акустыкі ў сцены ўмуроўвалі збаны-галаснікі.

У ХІІІ ст. у манументальным будаўніцтве пачынаюць пераважаць абарончыя збудаванні, што звязана з узмацненнем ваеннай пагрозы з боку крыжакоў і татар. У апошняй чвэрці ХІІІ ст. у Камянцы (каля Брэста) была ўзведзена 30-метровая вежа абарончага значэння – Белая вежа, якая захавалася да нашага часу. Круглая ў плане, яна мае пяць ярусаў з байніцамі на кожным з іх. Маюцца звесткі пра тое, што такія ж вежы былі ў Гродне, Тураве і, магчыма, у Полацку.

Састаўной часткай культуры беларускіх зямель з’яўлялася вусная народная творчасць: песні, быліны, легенды, прымаўкі, казкі, плачы-галашэнні, загадкі. Глыбокімі і каларытнымі былі песенныя цыклы, якія выконваліся на вяселлях, пахаваннях і каляндарных святах. Усе гістарычныя быліны прасякнуты пачуццём патрыятызму, гордасці за сваіх герояў, клопатам аб лёсе ўсіх рускіх зямель. У былінах полацкі князь Усяслаў Брачыслававіч паказваецца храбрым і справядлівым воінам, здольным да пераўвасаблення то ў ляснога сокала, то ў шэрага ваўка, то ў гнядога тура. Некаторыя народныя паданні пазней былі ўнесены ў летапіс. Такім паданнем, напэўна, было апавяданне пра лёс гордай палачанкі Рагнеды.

З хрысціянствам звязана ўвядзенне і пашырэнне пісьменнасці. З’явіліся богаслужэбныя кнігі, перакладная літаратура, філасофскія трактаты. З грэчаскай мовы запазычаліся некаторыя словы (напрыклад “тетрадь”, “лампа”), рускім людзям даваліся грэчаскія імёны – Андрэй, Аляксандр, Георгій, Соф’я. Русь пераймала грэчаскія кнігі, многія з якіх перакладаліся на рускую мову. Былі сярод іх сачыненні пра стварэнне свету, пра біблейскіх герояў, аб рымскіх палкаводцах, “жыцці святых” і г.д.

У адрозненне ад каталіцкіх краін Захаду ў культуры і справаводстве Русі прымянялася родная мова. Разам з перакладнымі кнігамі з’яўляюцца і арыгінальныя сачыненні, у тым ліку рускія летапісы. Маюцца звесткі аб тым, што летапісанне вялося ў Полацку, Тураве, Новагародку.

Вакол царквы і манастыроў групаваліся адукаваныя людзі, у іх ці пры іх існавалі школы, пісаліся і перапісваліся кнігі, збіраліся бібліятэкі. Узорамі старажытных рукапісных кніг, знойдзеных на тэрыторыі Беларусі, з’яўляюцца: вядомае Тураўскае Евангелле (ХІ ст.), Рэймскае Евангелле (ХІ ст. – названае так па месцу знаходжання ў муніцыпальнай бібліятэцы г. Рэймса ў Германіі), служэбнік Валаама Худынскага (канец ХІІ – пачатак ХІІІ стст.), Аршанскае Евангелле (ХІІІ ст.) і некаторыя іншыя. Асноўная частка старых рукапісных кніг загінула ў пажарах, была разрабаваная ў перыяд міжусобных войнаў. Шмат помнікаў старажытнай культуры, у тым ліку кніг, было знішчана пазней езуітамі і іншымі каталіцкімі манаскімі ордэнамі.

З прадстаўнікоў кніжнай асветы старажытнага перыяду нашай гісторыі мы павінны адзначыць: у Смаленску – Клімента Смаляціча, у Тураве – Кірылу Тураўскага, у Полацку – князёўну Прадславу-Ефрасінню.

Клімент Смаляціч жыў у 1 палове ХІІ ст. Як паведамляе летапіс, гэта быў кніжнік, раўні якому не было на ўсёй Русі. Жыў ён у манастыры, але больш быў вучоным, як манахам. У яго келлі побач з кніігамі Святога Пісьма можна было знайсці і кнігі айцоў царквы (так звалі багасловаў, якія сфарміравалі дагматыку, правілы богаслужэння, законы ўнутранага жыцця). З іх ён атрымліваў звесткі пра антычных аўтараў: Гамера, Платона, Арыстоцеля. Паводле звестак, дайшоўшых да нас, Клімент напісаў шмат кніг, казанняў (пропаведзяў), пасланняў, тлумачэнняў. З усіх гэтых матэрыялаў да нашага часу дайшло толькі адно пасланне, напісанае Кліментам смаленскаму святару Фаме. Клімент Смаляціч з 1147 па 1154 гг. з’яўляўся мітрапалітам Кіеўскім.

Кірыла Тураўскі – другі прадстаўнік асветы ХІІ ст. – паходзіў з сям’і заможных гараджан. Вучылі яго грэкі. Потым ён стаў манахам. Калі вызвалілася епіскапская кафедра ў Тураве, яго абралі епіскапам. Праваслаўная царква прылучыла Кірылу Тураўскага да ліку святых. Гэта быў не толькі кабінетны вучоны, але і выдатны царкоўны аратар. Імя яго сустракаем у агульных курсах рускай літаратуры старажытнага перыяду. Прамовы Кірылы ўяўляюць сабою ўзоры царкоўнага красамоўя таго часу. Яго казанні і павучанні створаны на асновах візантыйскай рыторыкі. Сучаснікі далі яму назву Залатавуснага (задоўга да Кірылы жыў выдатны царкоўны аратар, адзін з айцоў усходняй (праваслаўнай) царквы Іаан (каля 350 – 407 гг.), якога за красамоўства назвалі Залатавусным). І гэтае найменне з поўным правам застаецца за ім да нашага часу.

Прадслава-Ефрасіння, князёўна полацкая, таксама жыла ў ХІІ ст. Яна была ўнучкаю знаёмага нам полацкага князя-чарадзея Усяслава. Як апавядаюць паданні, яна сваёю прыгажосцю і розумам стаяла вышэй за ўсіх сваіх сучасніц. Жаніхі шукалі рукі князёўны, але яна адмаўлялася ісці замуж. Бацькі хацелі аддаць яе замуж прымусам. Дазнаўшыся аб гэтым, яна цішком пакінула родную сям’ю і ўцякла ў жаночы манастыр, на чале якога стаяла яе цётка. Калі бацькі даведаліся пра гэта, яны прасілі яе вярнуцца дадому. Прадслава ж засталася ў манастыры і праз некаторы час прыняла пострыг. Яшчэ ў доме бацькоў Прадслава любіла ў час адпачынку чытаць кнігі. Чытанне ў тыя часы было рэдкаю з’явай у грамадстве. Прыняўшы манаства, яна стала працаваць над перапісваннем кніг. Вакол яе аб’ядноўваліся шматлікія паслядоўнікі асветы і кніжнасці. Манастыр, у якім жыла і працавала Прадслава-Ефрасіння, паступова стаў буйным рэлігійным і культурным цэнтрам, адкуль кнігі разыходзіліся па ўсіх заходніх землях Русі. У сталым узросце Прадслава здзейсніла паломніцтва ў Палестыну і Ерусалім. Там яна і памерла ў 1173 годзе. Мошчы Ефрасінні Полацкай спачываюць цяпер у пабудаваным ёю Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры, які часткова захаваўся да нашых дзён.

З імем полацкай князёўны звязаны такі помнік гісторыі і культуры, як крыж Ефрасінні Полацкай, створаны мясцовым майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. Яго асновай з’яўлялася кіпарысавае дрэва. Зверху і знізу дрэва закрывалі залатыя пласціны (усяго 21), аздобленыя каштоўнымі камянямі, арнаментальнымі кампазіцыямі і абразкамі, якія былі выкананы ў тэхніцы перагародкавай эмалі. Па майстэрстве выканання твор Лазара Богшы не саступаў лепшым візантыйскім узорам, вырабленым у гэтай найтанчэйшай тэхніцы. Шасціканцовы крыж меў вышыню каля 52 см, пасярэдзіне ў 5 квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі. Яго бакі былі абкладзены срэбнымі з пазалотаю пласцінамі, выкананымі ў тэхніцы ціснення. Крыж быў абведзены шнурком перлаў.

Крыж Ефрасінні Полацкай з’яўляецца не толькі выдатным творам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але і каштоўным помнікам старажытнабеларускага пісьменства. Зробленыя на крыжы надпісы ўмоўна падзяляюць на дзве часткі. У першай частцы паведамляецца аб годзе стварэння святыні, кошце матэрыялаў і працы, у другой жа запісаны праклён таму, хто знясе крыж са Спаскай царквы, якой падаравала яго Ефрасіння.

Няпросты лёс напаткаў крыж Ефрасінні Полацкай, шмат разоў змяняў ён уладальнікаў і месцазнаходжанне. Ужо на мяжы ХІІ–ХІІІ стст. яго вывезлі з Полацка смаленскія князі, у ХVI ст. крыж ненадоўга трапіў у рукі маскоўскіх князёў, а затым захоўваўся ў Сафійскім саборы, які належаў уніятам. Пасля скасавання уніі ён быў вернуты ў Спаса-Ефрасіннеўскую царкву. З 1929 г. крыж знаходзіўся ў Магілёўскім краязнаўчым музеі. У гады Вялікай Айчыннай вайны крыж знік, і яго месцазнаходжанне невядома. У 90-я гады брэсцкім майстрам М. Кузьмічом была зроблена дакладная копія гэтага крыжа.

Вялікае развіццё ў беларускіх землях атрымала прыкладное мастацтва. Нават звычайныя прадметы з дрэва, косці, гліны, металу ўпрыгожваліся разьбою, інкрустацыяй. Своеасаблівая ў гэтым сэнсе прыгажосць керамікі ХІ–ХІІІ стст. У ёй мы не знойдзем яскравасці маляўнічых спалучэнняў эмалі, пераліваў сонечнага спектра шкла. Яе прыгажосць выяўлялася ў строгасці і стрыманасці каляровых гучанняў, у шурпатасці, аксамітнасці груба зробленай фактуры.

Трохі іншы характар мелі прадметы, прызначаныя для феадальнай арыстакратыі, заможных гараджан. Яны часта ўпрыгожваліся выявамі фантастычных звяроў і птушак, выкананымі ў асаблівай манеры – “звярыным стылі”. Любімымі сюжэтамі старажытнарускага прыкладнога мастацтва былі геральдычныя львы. Узорамі тонкай разьбы па каменю і косці з’яўляюцца шахматныя фігуркі, знойдзеныя ў Гродне і Ваўкавыску.

Пра высокае мастацкае майстэрства тагачасных умельцаў гавораць прадметы хрысціянскага культу. Сярод іх вылучаюцца найтанчэйшай мастацкай разьбой абразкі з шэрага шыферу, знойдзеныя ў час раскопак на гарадзішчы Мінска. Адзін з гэтых абразкоў выяўляе ўшанаваных у старажытнасці святых у поўны рост з фігураю Хрыста ў верхняй частцы. Твары і ўсё аблічча святых у многім нагадваюць нам беларускіх сялян.

Для стварэння прадметаў хатняга побыту, зброі, прылад працы і ўпрыгожванняў выкарыстоўваліся розныя металы: жалеза, бронза, медзь, срэбра, золата. Тэхніка іх апрацоўкі ў ХІ–ХІІІ стст. дасягнула высокага ўзроўню. У беларускіх гарадах былі распаўсюджаны амаль усе вядомыя ў Еўропе тэхнічныя спосабы апрацоўкі металаў: плаўка, ліццё, коўка, залачэнне дроту, гравіраванне, упрыгожванне металічных вырабаў эмаллю, чарненнем.

Такім чынам, багатая, яскравая і шматгранная культура беларускіх зямель у ІХ–ХІІІ стст. стаяла ў шэрагу перадавых культур свайго часу, была часткай усходнеславянскай культуры.


Заключэнне
Фарміраванне феадальных адносін прывяло да ўзнікнення ў IX ст. ва ўсходніх славян першай у іх гісторыі Старажытнарускай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве. Заходнія яе землі складалі тэрыторыю сучаснай Беларусі. Кіеўская Русь была раннефеадальнай манархіяй. Для беларускіх зямель гэта быў перыяд далейшага развіцця прадукцыйных сіл, умацавання раннефеадальных княстваў, асабліва Полацкага, пашырэння гандлю, развіцця культуры, узнікнення гарадоў.

Некаторыя беларускія гісторыкі адмаўляюць існаванне трывалай Старажытнарускай дзяржавы. Сцвярджаецца, што ў гэтай дзяржаве не было адзінства ўсходніх славян, агульнай пісьмовай мовы, культуры, агульных дасягненняў у гаспадарчай дзейнасці, горадабудаўніцтве, духоўным жыцці. Пры гэтым яны спасылаюцца на незалежнасць Полацкага княства ад Кіева. Кіеўская Русь - выдумка гісторыкаў.

3 гэтым нельга пагадзіцца.

Па-першае, любое феадальнае княства, у тым ліку і Полацкае, з'яўлялася своеасаблівай дзяржавай, бо мела ўсе атрыбуты ўлады — заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Толькі на беларускай зямлі княстваў можна налічыць больш дзесяці, і кожнае з іх у пэўным сэнсе было незалежным. Міжкняжацкая барацьба з'яўлялася агульнай заканамернасцю развіцця дзяржаў Еўропы ранняга сярэднявечча. Аднак, нягледзячы на гэта, усе княствы Кіеўскай Русі, як унутры яе, так і яе суседзямі, успрымаліся як адзіная Русь. Насельніцтва гэтай Русі ў суседніх краінах называлі русамі, русінамі, русічамі, а самі русіны зваліся людзьмі рускай веры ці мясцовымі назвамі-этнонімамі — "кіяўлянін", "палачанін", "туравец", "пінянін", "наўгародзец" і г.д. Значыць, усходнеславянскае адзінства, адзіная дзяржава існавалі.

Па-другое, пасля ўвядзення хрысціянства ў Х ст. у Кіеўскай Русі функцыяніравала адзіная праваслаўная вера, якая і сёння часткай беларусаў завецца як "руская".

Па-трэцяе, практычна адзінымі былі агульны тып горада, яго планіроўка, знешні і ўнутраны выгляд, лад жыцця. Адзінай для ўсіх княстваў была і старажытнаруская пісьмовая мова. Дастаткова параўнаць пісьмовыя помнікі Кіева, Полацка, Турава, Ноўгарада часоў Ефрасінні Полацкай, каб упэўніцца , што не існавала мовы крывічоў і дрыгавічоў, палачан і тураўцаў, а панавала адзіная старажытнаруская мова. А хіба тры храмы Сафіі ў Кіеве, Полацку і Ноўгарадзе не сведчаць пра гэтую акалічнасць? Пералік агульнасцей можна прадоўжыць.

Далейшае ўмацаванне сістэмы феадальных адносін, узнікненне магутных мясцовых феадальных цэнтраў, сепаратызм мясцовых феадалаў прывялі да заняпаду Кіеўскай Русі. У пачатку XII ст. яна распалася на мноства асобных княстваў і феадальных рэспублік.


Сп
i
сак л
i
таратуры

1.        Гiсторыя Беларусi: У 2 ч. Ч. 1. Ад старажытных часоў па люты 1917; Пад рэд. Я. К. Новiка, Г. С. Марцуля. Мн., 2000.

2.        Доўнар-Запольскi М. В. Гiсторыя Беларусi. Мн., 1994.

3.        Лыч Л. М., Навiцкi У. Л. Гiсторыя культуры Беларусi. Мн., 1996.

4.        Нарысы гiсторыi Беларусi: У 2 ч. / Рэд. М. П. Касцюк i iнш. Мн., 1994—1995.

5.        Эканамiчная гiсторыя Беларусi. Мн., 1999.


1. Доклад Ингибиторы и разобщители окислительного фосфорилирования
2. Реферат Започаткування системи національної політичної економії в Німеччині
3. Контрольная_работа на тему Архитектура ЭВМ 2 5
4. Биография Биография Александра Сергеевича Пушкина
5. Реферат Управление государственным долгом, основные методы и пути сокращения
6. Сочинение на тему Социальные и философские истоки бунта Раскольникова
7. Контрольная работа на тему Равноточные и неравноточные измерения оценка точности функций изме
8. Реферат на тему South Africa 2 Essay Research Paper South
9. Реферат Теоретические основы использования народных игр в двигательном развитии детей старшего дошкольно
10. Сочинение Фома