Изложение на тему Адвечная песня
Работа добавлена на сайт bukvasha.net: 2015-05-27Поможем написать учебную работу
Если у вас возникли сложности с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой - мы готовы помочь.
Кароткі змест:
I. Хрэсьбіны
Ноччу над калыскай дзіцяці спяваюць Жыццё, Доля, Бяда, Голад і Холад. Жыццё дае яму пад уладу "як ёсць усё чыста на свеце". Доля абяцае напяваць чалавеку "аб радасці, славе, багацці", але яна ўцячэ ад яго. Бяда ж будзе з ім заўжды ("I так ён зжывецца са мной, што стану яго я душой"). Голад і Холад збіраюцца "хадзіць за ім парай, наводзіць балесці і хмары". Жыццё, Доля, Бяда, Голад і Холад даюць імя дзіцяці - Мужык.
II. На службе
Маленькі, босы, у парванай апратцы пастушок пасе скаціну, жаліцца на сваю долю. Прыходзіць маці, пытаецца, чаму сын невясёлы. Жанчына плача, шкадуючы сваё дзіця. Пастушок яе супакойвае:
Не плач, маці, і не злуйся
На жыццё,
Як я ў сілачку ўбяруся,
Змагу ўсё.
III. Вяселле
Сват і свацця запрашаюць весяліцца, хваляць маладых. Малады абяцае нявесце: "Зажывём мы па-сваёму, як ніколі, як ніхто". Маладой страшна і трывожна, бо яна пакідае родную хату, наперадзе зусім новае жыццё.
IV. Вясна
У хату Мужыка прыходзіць Вясна. Нагадвае, што ўжо прасохла ралля, трэба сеяць. Мужык жаліцца, што "зерня к севу няма".
V. За сахою
Мужык арэ, падганяе спрацаванага коніка, яму самому "ломіць косці, грудзі... пыл засыпаў вочы". Падарожны, мінаючы аратага, гаворыць пра сваю нядолю, бо ў яго няма хаты, нівы. Але бяздольным лічыць сябе і араты, які ўсё гэта мае.
VI. Лета
На ўзмежку пад грушай сядзіць Мужык. Відаць залітая паводкай сенажаць, пабітае градам жыта. На небе падымаецца чорная хмара. Лета прапануе яму весялей глядзець, працягвае серп і касу. Мужык паказвае на сваю сенажаць і поле. Лета ўшчувае селяніна:
I не стыдна табе век-вяком,
Хоць і дуж, як той дуб векавы,
Вясці гутарку ўсё са плачом,
Ніжэй гнуцца павялай травы!
Падказвае, што ў двары (у пана) ёсць заробкі. Мужык даводзіць, што двор ён знае даўно, з году ў год пакідаў там сілу.
Вынімала мне паншчына дух,
Зжыў яе - думаў, воля дасць хлеб...
Як за паншчынай, бедзен і слеп.
Лета кідае Мужыку пад ногі серп і касу. Пачынаецца моцны дождж з градам.
VII. Касьба і жніво
Гарачыня. Мужык косіць, Жонка жне. З ёю побач малыя дзеці. Мужык, звяртаючыся да касы?
Век звініш, свішчыш,
Адкляпаная,
Век плыве сляза
Неўніманая.
Жонка, абкручваючы параненую на ржышчы нагу:
Усюды бог гасціў
З сваёй ласкаю,
Толькі крыў мінуў
Ніву хамскую.
Ідзе да калыскі немаўляці і корміць яго.
VIII. Восень
Мужык малоціць. З'яўляецца Восень і пытаецца, як у яго з кормам, як жыта, Селянін адказвае, што ўсяго мала, "да паўзімкі не стане". Восень раіць прыкупіць "з пудзік хлеба", пазычыць "з воз сянца". Але на гэта ў Мужыка няма грошай.
IX. Свята
У хаце на палку двое хворых дзяцей. Іншыя поўзаюць босыя, у адных кашульках. На печы крэкча стары бацька. Мужык хоча павесяліцца, выпіць чарку. Жонка нагадвае пра нястачы:
Трэба новае карыта,
Каптан Зосі трэба,
Просіць фельчара Мікіта -
Ўжо не есць і хлеба.
...Не да смеху, не да гуляў,
Калі бяда ў хаце.
Прыходзяць Стараста і Магазыннік, каб спагнаць з Мужыка падаткі і доўг. Мужык уцякае з хаты. Жонка плача.
X. Зіма
Мужык па калена ў снезе сячэ тоўстую хвою. Прыходзіць Зіма і прапануе яму памерацца сілаю. Той просіць яе "не мучыць абарванага", адпраўляе ісці "пад футры багатыя, ў палацы мураваныя". Пачынаецца мяцеліца. Падсечанае дрэва валіцца і забівае Мужыка. К нябожчыку прыбліжаецца зграя ваўкоў.
XI. Хаўтуры
У хаце ў дамавіне ляжыць Мужык. Галосіць жонка:
Нашто на свет раджацца,
Хто мае з ім расстацца,
I горкі жаль кідаці
Ўдаве, бацькам, дзіцяці...
Стары бацька збіраецца з унукам ісці ў свет жабраваць. ("Не месца мне у хаце: не дуж я працаваці; пры кім дажыць тут веку няшчаснаму калеку?") Сталяр канчае рабіць века да труны. Дзеці і суседзі развітваюцца з нябожчыкам. Выносяць труну з хаты.
XII. На могілках
Цёмнай ноччу перад узвіжаннем на паваленым крыжы сядзіць цень Мужыка. Яна хоча ведаць, як жывуць нашчадкі. З'яўляюцца тыя духі, якія былі на хрэсьбінах. Бяда паведамляе, што
Не зломлены к шчасцю вароты,
Слязы не ўбыло, - прыбыло.
Не згінулі Голад і Холад. Хорам духі гавораць, што "завалены сцежкі к прасвету крыжамі бясчасных магіл". Доля расказвае пра лёс дзяцей Мужыка. Адзін, як і бацька, арэ шнур, "карчомкай душу весяліць". Другі дзесьці на чужыне, трэці ў турме, чацвёрты "ў здзеку загінуў, за праўду, за крыўду сваю". Пятаму машына адсекла руку, і ён стаў жабраком. Жыццё, якое пры нараджэнні абяцала так многа, гаворыць: "Я лоўка расставіла сеткі! Папробуй расплутай вазьмі!"
Цень Мужыка просіць наноў раскрыцца магілу, бо "страшней яе людзі і свет".