Реферат

Реферат Літаратура Заходняй Беларусі 1920-х-1930-х гадоў

Работа добавлена на сайт bukvasha.net: 2015-10-28

Поможем написать учебную работу

Если у вас возникли сложности с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой - мы готовы помочь.

Предоплата всего

от 25%

Подписываем

договор

Выберите тип работы:

Скидка 25% при заказе до 27.12.2024




Літаратура Заходняй Беларусі 1920-х-1930-х гадоў




СОДЕРЖАНИЕ
1. Літаратура Заходняй Беларусі 1920-х гадоў

2. Літаратура Заходняй Беларусі 1930-х гадоў

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ




1. Літаратура Заходняй Беларусі 1920-х гадоў
У агульнай сістэме мастацкай літаратуры на першым месцы ў Заходняй Беларусі, несумненна, знаходзілася паэзія. Прычым, і ў 1920-я, і ў 1930-я гг.

Пачатак, першыя старонкі паэзіі Заходняй Беларусі звязаны перадусім з імёнамі Леапольда Родзевіча, Уладзіміра Жылкі, Ігната Канчэўскага. Яны былі найбольш творча актыўнымі, і знак іх працы знайшоў выразны адбітак у перыядычным друку пачатку 20-х гадоў, у выглядзе асобных кніжак. Хоць працягвалі працаваць паэты, што прыйшлі ў літаратуру яшчэ ў нашаніўскую пару: Гальяш Леўчык (1880—1944), Казімір Сваяк (1890—1926), Стары Улас (1865—1939). Менавіта Л. Родзевіч у своеасаблівым сінтэтычным жанры паэме-сказе «Беларусь» і У. Жылка ў паэме «Уяўленне» патрапілі найпаўней выявіць той душэўны тонус, той настрой, якім жыла творчая беларуская інтэлігенцыя пад уражаннем падзелу бацькаўшчыны дзяржаўнай мяжой, зрыву адбудовы дзяржаўнасці Беларусі. Менавіта ў заходнебеларускі перыяд У. Жылкам былі напісаны такія лірычныя шэдэўры, як «Беларусь», «Віхор», «Замчышча», «Полімпсэст», «Сёмуха». Жылка паэтызуе вызваленчае змаганне. Захопленасць ідэаламі вызваленчага руху, вернасць ім з вялікай сілай гучыць у вершах «Меч», «Вершы аб Вільні», «Наш лёс, бы кат рукой забойнай», «Толькі той, чый вольны дух», «Каваль».

Вершы рана памерлага паэта Iгната Канчэўскага (1896—1923), падпісаныя псеўданімам «Ганна Галубянка», вылучаліся рамантычнай эстэтыкай і высокай культурай пачуцця.

На першую палову 20-х гадоў у Заходняй Беларусі прыпадае найбольшая літаратурная актыўнасць паэта-клерыка Кастуся Стэповіча (Казіміра Сваяка), які пачаў друкавацца яшчэ ў газеце «Віelarus» у 1913 г. У 1924 г. у Вільні ўбачыў свет зборнік К. Сваяка "Мая ліра".

Удзельнік сусветнай вайны, актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху ў перыяд яго ўздыму ў 1917—1920 гг. Макар Краўцоў (Косцевіч) (1890—1941), акрамя вядомага верша-гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», створанага пад уражаннем слуцкага паўстання, складае верш «Братом», у якім спалучаны роздум над трагічным лёсам беларускай зямлі з магутнай верай у нацыянальную свабоду яе народа.

Адасоблена ад заходнебеларускіх паісьменнікаў, прасякнутых нацыянальнай ідэяй або ідэяй сацыяльнага разняволення працоўных, стаяла Наталля Арсеннева (1903—1998), чые вершы з самага пачатку 20-х гадоў стала друкаваліся амаль ва ўсіх перыядычных выданнях.

Блаславёная на паэтычнае выступленне М. Гарэцкім, пад час вучобы паэтэсы ў Віленскай беларускай гімназіі, Арсеннева ў сваёй лірыцы засяродзілася на суб'ектыўным пачатку, перажываннях інтымнага характару. Асноўная крыніцай паэтычнай інспірацыі яе сталі прырода, космас. Нягледзячы на індыферэнтнасць паэтэсы да грамадскіх праблем, бясспрэчны талент яе высока цаніўся прадстаўнікамі літаратурнай грамадскасці. У 1927 г. выйшаў зборнік паэзіі Н. Арсенневай «Пад сінім небам».

На пачатку 20-х гадоў у газетах «Беларускі звон» і «Беларускія ведамасці» друкаваўся паэт і мастак Алесь Смаленец (1893—1966), сапраўднае прозвішча — Ружанцоў. На той час ён, былы ўдзельнік сусветнай і грамадзянскай войнаў, быў камандзірам беларускага батальёна ў Літве, створанага эміграцыйным урадам Вацлава Ластоўскага, рэдагаваў часопіс «Беларус-вайсковы». Вершы А. Смаленца вылучаліся ваеннай тэматыкай. У вобразнай структуры іх пераважалі вобразныя рэаліі вайны. М. Гарэцкі знаходзіў іх «моцнымі думкаю і даволі арыгінальнымі формаю». Пазней А. Смаленец выступаў як перакладчык беларускай паэзіі на літоўскую мову і з літоўскай на беларускую.

Першыя публікацыі паэта Алеся Салагуба (1906—1934) адносяцца да 1923 г. Будучы вучнем Беларускай віленскай гімназіі, паэт звязаў свой лёс з камуністычным падполлем, стаў сябрам члена ЦК КПЗБ Арсеня Канчэўскага, брата вядомага літаратара, удзельнічаў у арганізацыі гурткоў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады ў родных мясцінах на Смаргоншчыне. А. Салагуб двойчы арыштоўваўся дэфензівай, да года праседзеў у Лукішках. Алесю Салагубу ў літаратуры Заходняй Беларусі належыць першынства, роля адкрывальніка турэмнай тэматыкі, стваральніка вобраза палітвязьня, пазней М. Танкам і В. Таўлаем узнятага да шырокіх мастацкіх абагульненняў. Лірычны герой А. Салагуба — аlter еgо аўтара — натура мэтаімклівая і цэласная. У яго свядомасці арганічна спалучаны сацыяльны і нацыянальны ідэалы. Ён далучаны да ідэі разняволення чалавецтва ў планетарным маштабе («Мы рады, рады, што змяняем гісторый ход»), адначасна змагаецца, пакутуе ў астрозе і марыць убачыць «вольнай сваю Беларусь». У 1929 г. выйшла кніга А. Салагуба "Лукішкі". Лёс А. Салагуба трагічны. Вырваўшыся з польскай турмы, ён нелегальна перайшоў граніцу, скончыў у Мінску Беларускі дзяржаўны універсітэт, выдаў зборнік вершаў, даволі часта выступаў у перыядычным друку, паступіў на вучобу ў аспірантуру пры Беларускай Акадэміі навук. Трапіўшы пад другую хвалю рэпрэсій у Савецкай Беларусі, загінуў у 1934 г.

У лірыцы Міхася Машары (1902—1976) чуецца арганічны індывідуальны пачатак. Сацыяльныя арыенціры, пазіцыя паэта дакладна акрэслены, паэтава крэда выказана канкрэтна-вобразна, упэўнена. Ужо ў першай паэтычнай заяўцы — сціплай, на адзінаццаць вершаў, кніжыцы "Малюнкі" (Вільня, 1928) — М. Машара здолеў даць некалькі небанальных абразкоў вёскі, накідаць нязмушаныя малюнкі прыроды, упэўнена пашырыць, развіць у літаратуры Заходняй Беларусі тэму астрогу, няволі (вершы «Вёска», «Цяпер я ўжо зусім не той», «Ў золаце зорных валокнаў»).

У 1927 г. у Вільні выйшаў зборнік паэзіі Францішка Грышкевіча (1904—1945) "Веснавыя мелодыі". Паэт востра адчувае нядолю паняволенай сваёй зямлі, але гаворыць пра гэта залішне агульна («Русь Белая», «Раб», «Signum»). Прыбягае да гісгарычных асацыяцый, кліча на дапамогу змаганню за свабоду бацькаўшчыны-Беларусі цені слаўных продкаў Усяслава Чарадзея, Вітаўта, звяртаецца да акта 25 сакавіка 1918 г. як сведчання ўзвышэння духу народа (з цыкла «Вечнае»). Інтымная лірыка Ф. Грышкевіча сведчыць аб даволі высокім інтэлектуальным узроўні асобы аўтара, але высокай эстэтычнай вартасці вершы не набралі.

Адштурхоўваючыся ад эстэтычнага крэда М. Багдановіча, Хведар Ілляшэвіч (1910—1948) імкнуўся да павышэння культуры верша ў сваёй мастацкай практыцы. У 1929 г. у Вільні ўбачыў свет яго першы паэтычны зборнік "Веснапесні".

Міхась Васілёк (1905—1960), творца найперш гумарыстычнага складу, у сатырычным часопісе «Маланка» трапным словам, у духу народнага гумару высмейваў паноў, прадстаўнікоў польскай адміністрацыі, палітыкаў, не абмінаючы ўвагай і заганы ў родным сялянскім асяроддзі (вершы «Як я трапіў у камуністыя», «Перад выбарамі», «Гарэлка»). Паэт умее абыграць народную прытчу («Дзед і смерць»), скарыстоўваючы традыцыйны народны матыў, напоўніць яго актуальным сацыяльным зместам («Эх, каб грошы»). У грамадзянскай жа лірыцы М. Васілька 20-х гадоў гучаць матывы, інтанацыі, характэрныя для ўсёй заходнебеларускай паэзіі таго часу. Паэт горача кліча свой край, маладое пакаленне стаць «смелай ступою на шлях адраджэння, шлях з векавечнае цемры збаўлення» (Васілёк М. Шум баравы. Вільня, 1929. С. 24.).

У другой палове 20-х гадоў у віленскай беларускай перыёдыцы, часопіснай і газетнай, даволі часта друкаваўся паэт з Латгаліі Пятро Сакол (сапраўднае прозвішча Масальскі). Вершы П. Сакола «Беларускі сцяг», «Песня крывічоў», «Хай гром грыміць», «Покліч», аб'яднаныя ў цыкле «Песні аб волі», красамоўна сведчылі аб прасякнутасці маладога паэта, навучэнца Люцынскай беларускай гімназіі, нацыянальнай ідэяй (Сакол П. Світанне. Рыга, 1929. С. 43, 44, 47, 49.). Іх характарызавала ярка выражаная грамадзянская скіраванасць і публіцыстычная адкрытасць. Паэтычная творчасць П. Сакола ў цэлым развівалася ў агульным рэчышчы беларускай літаратуры, створанай на захад ад польска-савецкай мяжы. Аднак беларускаму паэту з Латвіі ўдалося ўнесці ў яе рэгіянальныя матывы. У іх сацыяльная і нацыянальная ідэі аказаліся цесна з'яднанымі. У паэме «Латгаліяда», на жаль, няскончанай, роздум над сацыяльнай нядоляй краю, лёсам яго людзей паэт рэалізуе ў сэнсава выразных і яскравых вобразах, выяўляе добрае адчуванне гістарычнага кантэксту.

Што ж датычыць празаічных жанраў у заходнебеларускай літаратуры 1920-х гг., то яны найперш прадстаўлены апавяданнямі, навеламі і замалёўкамі М. Гарэцкага 1921—1922 г., некалькімі апавяданнямі Макара Краўцова, нарысамі, абразкамі Вацлава Адамовіча (Дзяргача), апавяданнямі Вяч. Лаўскага, надрукаванымі ў студэнцкай перыёдыцы.

М. Гарэцкім у заходнебеларускі перыяд яго дзейнасці створана аповесць «Дзве душы», пачата аповесць «За што?», вядомая ў апошняй аўтарскай рэдакцыі як «Ціхая плынь», напісана да двух дзесяткаў апавяданняў. Побач з распрацоўкай «вечных» (экзістэнцыяльных) тэм на пачатку 20-х гадоў М. Гарэцкі ў жанры апавядання, навелы развівае далей беларускую адраджэнскую ідэю, стварае вобразы ўдзельнікаў беларускага вызваленчага руху («У 1920 годзе», «Усебеларускі з'езд 1917 года», «Фантазія»). Заўсёды чуйны да павеваў новага ў жыцці, пісьменнік не без насцярогі прыглядаецца да некаторых з'яў, прынесеных сацыяльнай рэвалюцыяй у Расіі. Ён даследуе асобныя рысы новай улады ў яе асабовым, чалавечым праяўленні, акцэнтуе сацыяльна-псіхалагічны аспект у раскрыцці вобразаў (апавяданні «Алостал», «Незадача»). У віленскі перыяд творчасці М. Гарэцкі, згодна з задумай узнавіць у мастацкім слове гісторыю народа, асабліва вялікую ўвагу ўдзяляе тэме мінуўшчыны. Пры гэтым, як ужо было засведчана ім у зборніку «Рунь», мастак плённа выкарыстоўвае матэрыял, бытавыя рэаліі часоў паншчыны (апавяданні «У панскай кухні», «Страшная музыкава песня», «Смачны заяц» і інш.).

Акрамя прозы М. Гарэцкага, псіхалагізмам, чалавеказнаўчай скіраванасцю вылучаюцца апавяданні М. Краўцова «Маршлют», «Маскалёвы дзеці», у якіх па-мастацку даследуецца народны характар, у класічнай манеры распавядаецца пра народнае жыццё. Асобных адзнак свайго часу, заходнебеларускай рэчаіснасці ў іх пісьменнік не выяўляе. Ён паказвае вобразы-тыпы старой беларускай вёскі.

Вобразы прадстаўнікоў палескага сялянства, абуджанага вайной і рэвалюцыяй да свядомага грамадскага жыцця, удзельнікаў сялянскага руху падае ў сваёй кнізе В. Адамовіч-Дзяргач (Дзяргач. Тыпы Палесся: Абразкі і легенды. Вільня, 1924.).

Імкненне да займальнасці расповеду, вострага псіхалагізму назіраецца ў апавяданні Франука Умястоўскага (1882—1940) «Стася».

Ад фельетонаў, часам даволі дасціпных, вострых, да напісання апавяданняў на актуальную тэматыку перайшоў рэдактар «Маланкі» Я. Маразовіч (1985—1938). З мэтаю ўсыплення цэнзарскай пільнасці Я. Маразовіч карыстаўся літаратурнай містыфікацыяй: месца дзеяння сваіх твораў пераносіў у каланіяльныя і залежныя краіны, падпісваў псеўданімам Ляо Дзэ (апавяданні «У даліне Ганга», «На берагах Ян Цзы», «Чырвоныя ружы»). Пры экзатычным знадворным антуражы ў апавяданнях Я. Маразовіча пазнавалася рэчаіснасць Заходняй Беларусі з яе вострымі палітычнымі праблемамі.

Здольнасцю эпічна-мастацкага адлюстравання жыцця валодаў аўтар апавяданняў «Мсцівыя нябожчыкі», «Жывое дрэва» і іншых В. Грывіч (цалкам ідэнтыфікаваць асобу В. Грывіча не ўдалося; паводле слоў Л.Ф. Войцік, такім псеўданімам падпісваўся Уладзіслаў Грыневіч.) Ужо ў першых апублікаваных у часопісе «Студэнцкая думка» творах ён выявіў добрае эстэтычнае адчуванне прыроды і ўменне перадаць яе жыццё ў абагульненых пластычных вобразах. Адначасова маладым аўтарам было засведчана сталае веданне народнага побыту і псіхалогіі селяніна. Адчувалася вучоба ў М. Гарэцкага. У апавяданнях, напісаных падчас уздыму вызваленчага руху, на яго грамадаўскай хвалі, В. Грывіч адлюстраваў рост грамадскай свядомасці прадстаўнікоў заходнебеларускага сялянства, усведамленне народам свайго сацыяльнага і нацыянальнага права («I нас разбудзілі») Паказваючы сутычку вясковых хлопцаў на пошце з польскімі чыноўнікамі з-за нежадання апошніх аддаваць вёсцы радыкальных беларускіх газет, пісьменнік умела тыпізуе палітычную атмасферу Заходняй Беларусі другой паловы 20-х гадоў, па-мастацку перадае станаўленне нацыянальнай самасвядомасці простага чалавека. Не абышоў Грывіч і гістарычнай тэматыкі. У адным з апавяданняў пісьменнік звярнуўся да падзей часу Крэўскай уніі, якая прадвызначыла гістарычны лёс Літвы і Беларусі на многія стагоддзі.

За перыёдыку, друк у БСР Грамадзе адказваў Пётра Мятла (1890—1936) і, трэба думаць, невыпадкова: меў літаратурныя схільнасці. Падпісваў грамадаўскія газеты як выдавец, з абазначэннем тытулу «пасол на сойм П. Мятла». Пасля разгрому БСРГ, пяць год знаходзячыся ў польскіх турмах, займаўся перакладамі твораў класікаў марксізму, пісаў апавяданні. Асобныя з іх пад псеўданімам П. Чабор, а менавіта «Замошская рэспубліка», «Купалле», «Жыць!», «Кірмаш», «Страх», былі часткова апублікаваны ў постграмадаўскай прэсе і засведчылі аб добрым валоданні ім спакойнай эпічнай манерай апавядання. Напісаныя крыху пазней і апублікаваныя П. Мятлой (як і пераклады з марксісцкай літаратуры) пад псеўданімам П. Асака апавяданні «Дзіўное вяселле», «Куды ні кінь — усюды клін», «Хто вінават?» мелі сацыяльны акцэнт і выразны заходнебеларускі кантэкст.

Асэнсаваннем філасофіі быцця чалавека ў заходнебеларускай літаратуры другой паловы 20-х гадоў вылучалася Палачанка — аўтар, што хавала сваё прозвішча пад літаратурнай мянушкай хутчэй асацыятыўна-гістарычнага, чым проста рэгіянальна-геаграфічнага сэнсу. Матэрыялам для твораў Палачанкі ("Не вылечыла", "Казка парвалась", "Чары першае любові", "Хваравіты") служыла жыццё месцічаў, пераважна інтэлігентаў, людзей, здольных на рэфлексію, заглыбленне ў адвечныя пытанні чалавечай існасці, людскога бытавання на зямлі. У творах Палачанкі навідавоку аўтарскае пачуццё густу, мастацкай меры, адказнасці за слова. Мастацкі ўзровень апавяданняў у цэлым даволі высокі.

У агульным працэсе духоўнага адраджэння, творчых пошукаў пакалення 20—30-х гадоў даволі прыкметнае месца належала выпускніку Пазнанскага універсітэта, медыку па адукацыі і прызванню, акрамя таго, у адной асобе неардынарнаму філосафу, грамадска-палітычнаму дзеячу і літаратару Станіславу Грынкевічу (1902—1945). Ст. Грынкевіч пісаў навукова-папулярныя і асветніцкія працы («Народ», «Аб тэатры», «Асвета» і інш.). У другой палове 20-х гадоў Ст. Грынкевіч актыўна спрабаваў свае сілы ў літаратурнай творчасці: асобным выданнем выйшла яго апавяданне «Арлянё», п'еса «Жанімства па радыё» і кніжка прозы «Царква. Помста. Вязніца», пазней нарысы «У братоў-украінцаў». Свае развагі, тэарэтычныя росшукі ў праблемах нацыянальнага менталітэту, уплыву розных рэлігійных канфесій на свядомасць народа ён імкнуўся ўвасобіць у мастацкіх формах. Прынамсі, самы значны літаратурны твор Ст. Грынкевіча «Царква. Помста. Вязніца» наглядна сведчыць аб гэтым. У сюжэце, не пазбаўленым драматызму, аўтар прасочвае духоўнае ўзыходжанне вясковага хлопца, нечапанай цаліны, да беларускай ідэі. У кнізе праглядваюць такія рэаліі заходнебеларускай рэчаіснасці, як вяртанне з бежанства жыхароў мястэчка, дзе адбываецца дзеянне твора, агрэсіўны наступ прадстаўнікоў каталіцкага кліра, мясцовай польскай адміністрацьіі і настаўніка-паланізатара на права іншых канфесій, у прыватнасці уніяцкага прыходу, дэструктыўны маральны ўплыў іх учынку (раскіданне будынку царквы) на мясцовае беларускае жыхарства. У асобе Бабыля, з якім у турме лёс сутыкае галоўнага героя кнігі Фэльку Ятвяцкага, пазнаецца прататып самога аўтара, яго жыццёвы досвед, ідэалагічная пазіцыя. Характэрна тое, што творы Ст. Грынкевіча маюць выразнае рэгіянальнае адценне. Рэгіяналізм іх выяўляецца ў мове, геаграфічнай лакалізацыі дзеяння (мястэчка або вёска на польска-беларускім этнічным памежжы) і нават у прозвішчах герояў, літаратурных персанажаў (напрыклад, Фелікс Ятвяскі).

Паспяховаму развіццю драматургіі ў літаратуры Заходняй Беларусі паспрыяла некалькі акалічнасцей. Па-першае, сусветная вайна, затым віхор грамадзянскіх рэзрухаў самі па сабе давалі пісьменнікам-драматургам унікальны матэрыял. Лёс народа, лёс чалавека ў экстрэмальных умовах вайны, трагедыя падзелу этнасу межамі чужых дзяржаў, — гэта былі актуаліі беларускага быцця, што самі прасіліся выліцца ў формах драматургічнага віду мастацтва. Па-другое, на ніве заходнебеларускай літаратуры, на шчасце, аказалася адразу некалькі глыбокіх самабытных драматургічных талентаў. Акрамя М. Гарэцкага, які на працягу некалькіх гадоў жыцця ў Вільні даў цэлы рад выдатных драматычных абразкоў (самыя лепшыя сярод іх — гэта "Жартаўлівы Пісарэвіч", Мутэрка", "Свецкі чалавек", "Не адной веры", "Жалобная камедыя", "Салдат і яго жонка"), драматургічная творчасць у Заходняй Беларусі была прадстаўлена п'есамі Францішка Аляхновіча (1883—1944) і Леапольда Родзевіча (1895—1938), пісьменнікаў-драматургаў па прызванню. Трэцяя прычына паспяховага развіцця сцэнічных твораў у заходнебеларускай літаратуры — сацыяльны заказ. Абуджаны рэвалюцыяй, грамадскімі зрухамі ад летаргіі, народ пацягнуўся да асветы, шукаў дарогі да свядомага жыцця. Стан абуджанасці стымуляваў самадзейнасць ва ўсіх яе формах, у тым ліку і мастацкую. Сцэнічныя віды мастацтва, сцэнічныя жанры з іх непасрэдным уплывам на свядомасць масавага гледача і слухача адэкватна адказвалі на запатрабаванні часу. Ужо ў 1922 г. была заснавана ў Вільні Беларуская драматычная майстроўня з мэтай пашырэння беларускай тэатральнай культуры. Заснавальнікамі і асноўнымі працаўнікамі ў ёй былі Л. Родзевіч, М. Гарэцкі, М. Красінскі, А. Канчэўскі, А. Міхалевіч. Дзейнічаў таксама Беларускі музычна-драматычны гурток, заснаваны яшчэ ў нашаніўскія часы. Беларускія прадстаўленні, прычым не толькі ў горадзе, але і на вёсцы, сталі значным фактарам пашырэння дэмакратычных ідэй, нацыянальнага ўсведамлення.

У творчым актыве Л. Родзевіча к пачатку 1920-х гг. было да дзесятка маленькіх камедый («Збянтэжаны Саўка», «Пасланец», «Конскі партрэт» і інш.), дарэчы, вельмі папулярных у заходнебеларускага гледача, а таксама дзве поўнафарматныя арыгінальныя драмы ("Блуднікі" і "Пакрыўджаныя"). Наогул драматургія (а таксама паэзія і проза) Л. Родзевіча цікавая сваімі пошукамі як у галіне зместу, так і формы. Надрукаваныя ў «Беларускім звоне», а затым асобным выданнем драматычныя сцэны пад назваю «Досвіткі» (1922) Л. Родзевіча — узор філасофска-эстэтычнага асэнсавання ў формах драматургічнага мастацтва пытанняў актуальных, праблем вялікага гуманістычнага сэнсу. На матэрыяле драматычных падзей у лёсе цэлага народа пісьменнік стварае сімвалічную карціну: паказвае, як на пажарышчы вайны, разбурэнняў прабуджаецца народная свядомасць, пачынаецца пошук дарогі, сябе ў кантэксце часу, грамадства. Архінадзённая на пераломе 10—20-х гадоў для беларусаў тэма абароны свайго дому, годнасці, бацькаўшчыны ляжыць у аснове фацэцыі Л. Родзевіча, назва якой "П. С. X". (1923) дэшыфруецца як прытчавая — Пільнуй сваёй хаты. Яскравай сцэнічнай мовай, адметным вобразным каларытам твора характарызуецца аднаактоўка Л. Родзевіча, жанрава акрэсленая драматургам як феерыя пад назвай «На Каляды» (Родзевіч Л. На Каляды // Наша будучына. 1922. № 3.).

Практычна на храналагічныя рамкі заходнебеларускай літаратуры, на першую палову 20-х гадоў яе развіцця прыпаў самы плённы перыяд творчасці аднаго з найбуйнейшых для свайго часу беларускіх драматургаў Ф. Аляхновіча. Да пачатку 1920-х гг. Ф. Аляхновіч напісаў сем п'ес, пабудаваных пераважна на фальклорных сюжэтах і матэрыяле з жыцця месцічаў. Ф. Аляхновіч у сваёй творчай прыктыцы не абмінуў вопыту Пшыбышэўскага і Ібсена. З 1921 па 1926 год, год выезду Аляхновіча ў СССР, ім напісаны п'есы «Птушка шчасця», «Заручыны Паўлінкі», «Шчаслівы муж», «Пан Міністар», «Дрыгва» і «Няскончаная драма». У 1921 г. Аляхновічам створана адна з лепшых у ідэйна-эстэтычным аспекце яго п'ес «Няскончаная драма». У творы па-мастацку тыпізуецца перажытае беларускай інтэлігенцыяй падчас сусветнай вайны і рэвалюцыі, узнаўляюцца падзеі, звязаныя са спробай дэмакратычнай інтэлігенцыі закласці падваліны беларускай дзяржаўнасці. Галоўны герой «Няскончанай драмы» Аляхновіча Васіль мае аўтабіяграфічныя рысы. У творы праявіліся лепшыя ўласцівасці таленту драматурга, а менавіта дынамізм дзеяння, каларытнасць характараў, выразнасць сцэнічнай мовы. Толькі пасля васемнаццаці гадоў (з іх сем праведзены на Салаўках і знайшлі адлюстраванне ў дакументальна-мастацкай кнізе "У кіпцюрох ГПУ") Ф. Аляхновіч вярнуўся да напісання сцэнічных твораў. У семантыцы назвы новай п'есы «Круці не круці — трэба памярці», як і ў назве «Няскончанай драмы», праявіў бясспрэчную празарлівасць наконт уласнага лёсу.

На праблемах маральна-этычнага характару, на з'явах, што стаяць на перашкодзе вёсцы да асветы, новага жыцця, засяродзіў увагу ў драме «Янка Канцавы» (1924) паэт Казімір Сваяк. Герой драмы гіне ад рук аднавяскоўцаў праз іх цемнату, нежаданне адмовіцца ад заганных звычак, п'янства, на якія пісьменнік глядзіць як на сацыяльную злыбяду.
2. Літаратура Заходняй Беларусі 1930-х гадоў

літаратура драматургія заходні беларусь

Самым прадуктыўным паэтам у заходнебеларускай літаратуры першай паловы 30-х гадоў быў Міхась Машара. У гэты перыяд хораша раскрыўся лірычны талент паэта. Лепшыя вершы М. Машары 1930-х гг. — "Начамі чорнымі", "Растуць пытанні ўночы", "На прадвесні", "На сонечны бераг", "З-пад стрэх саламяных" і інш. У гэтых і іншых вершах М. Машара стварыў рэалістычны, у нейкай меры рамантызаваны вобраз беларускай вёскі, і ў гэтым адна з заслуг яго перад беларускай літаратурай. Максім Танк крыху пазней вобраз гэты сацыяльна паглыбіў і ўзняў на вышэйшую ступень эстэтычнага асваення. Спрабаваў свае сілы М. Машара і ў жанры паэмы, стварыўшы лірычную паэмку-сімфонію «Валачобнае» (1932). У ёй чуецца часам прамая пераклічка з Жылкавым хваласпевам абуджанаму духу народнаму. I разам з тым «Валачобнае» М. Машары — рэч арыгінальная, твор самабытны, можа, вяршыня мастацкіх дасягненняў паэта ў давераснёўскую пару. Аўтар удала пераасэнсоўвае вобраз, узяты з беларускай этнакультурнай традыцыі — вобраз валачобніка як вестуна радасці. Традыцыйны вобраз-сімвал ён пераводзіць у кантэкст беларускага вызваленчага руху. Паэма складаецца з трынаццаці невялікіх раздзельчыкаў. У творы моцны лірычны пачатак, у якім выяўлена паэтава прызнанне прычыны душэўнай узрушанасці, праз суб'ектыўнае перажыванне дадзены маляўнічы вобраз вясны-Адраджэння. На сямідзесятыя ўгодкі пагібелі кіраўніка паўстання 1863 г. у Беларусі і Літве, К. Каліноўскага М. Машара адгукнуўся напісаннем паэмы «Смерць Кастуся Каліноўскага» (1934). Для сцвярджэння велічы подзвігу Каліноўскага паэт узяў у аснову твора драматычныя часіны яго жыцця — суд над героем паўстання і смерць яго на эшафоце. На жаль, не маючы мастацкай практыкі ў гістарычным жанры, трывалай дакументальнай асновы, пры асваенні няпростай тэмы Машара аказаўся на шляху страты эпічнай цэласнасці формы, замены яе месцам публіцыстычнымі элементамі. Гэта сказалася на эстэтычных вартасцях твора. У паэме «Мамчына горка» (1936) Машара звяртаўся да мінулага, феадальных часоў, аднак канфлікт, пакладзены ў аснову сюжэта гэтага твора, меў ярка выражаны сацыяльны характар і тым самым быў псіхалагічна не чужы рэчаіснасці Заходняй Беларусі, дзе сацыяльныя супярэчнасці натуральна ўзмацняліся каланіяльным статусам краю.

Працягваў працаваць у 1930-я гг. у галіне паэзіі Хв. Ільяшэвіч. Прычым змянілася танальнасць яго твораў. Змена ўзнёслага, наступальнага тону паэзіі Хв. Ілляшэвіча 20-х гадоў на элегічны лад 30-х была абумоўлена не эвалюцыяй светапогляду паэта. Хв. Ілляшэвіч, як і іншыя заходнебеларускія інтэлектуалы, здолеў рэальна ацаніць знешнія і ўнутраныя прычыны крызісу беларускага вызваленчага руху і застацца верным ідэалам маладосці, а менавіта — ідэі нацыянальнай і сацыяльнай свабоды беларускага народа. Элегічную ж танальнасць лірыцы Хв. Ілляшэвіча 30-х гадоў задавала само жыццё, беларуская рэчаіснасць, прычым не толькі самой Заходняй Беларусі. Лепшыя вершы Хв. Ільяшэвіча 1930-х гг. — гэта "Многа песняў...", "Я прышоў да вас зноў", «Цымбалы».


Індыферэнтнасць Н. Арсенневай у заходнебеларускі перыяд яе творчасці да грамадскіх праблем не спрыяла шырэйшаму раскрыццю таленту паэтэсы. Абсалютызацыя эстэтычнага пачатку, замыканне ідэйна-эстэтычнага крэда пісьменніцы на паэтызацыі прыроды і звязаных з ёй інтымных перажыванняў змяншала не толькі патэнцыяльны грамадскі рэзананс вершаванага слова, але і абмяжоўвала паэтыку. Узнікалі непазбежныя паўторы асобных паэтычна-вобразных элементаў, тропаў. Лепшымі вершамі Н. Арсенневай 1930-х гг. з'яўляюцца "Калі дзень дагараець", "Як калоссе ў жытняй ніве", "Першы снег", "Зімовая ноч", "Не вернеш", "Шчасце", "Восень", "Асенні вечар". Гэтыя і іншыя вершы ўвайшлі ў зборнік "Жоўтая восень", які, падрыхтаваны да друку, не выйшаў з-за распачатай Другой сусветнай вайны.

Працягваў выступаць у паэзіі ў 1930-я гг. Міхась Васілёк. У 1937 г. выйшаў другі па ліку паэтычны зборнік М. Васілька «З сялянскіх ніў», падрыхтаваны да друку і выдадзены Р. Шырмам.

Праз узрыў сацыяльнай і нацыянальнай свядомасці, што адбыўся ў Заходняй Беларусі ў часы Грамады, прыйшоў у паэзію Валянцін Таўлай (1914—1947). Чатырнаццацігадовым вучнем Віленскай беларускай гімназіі ўпершыню публічна, у друку выказаў будучы паэт-рэвалюцыянер (такі тытул за ім даўно і заканамерна ўсталяваўся ў літаратуразнаўстве) свае дачыненні да свету. Першы вершык пад назваю «У нашым краі» Таўлай заканчваў словамі: «І краіна Гедыміна жджэць усё лепшай долі» (Дванаццаты Янка. У нашым краі // Сіла працы. 1928. 4 лют.). Большасць вершаў складзены Таўлаем у турме, «запісаны ў памяць», як сказаў сам паэт. Тэксты іх пазначаны такімі канкрэтнымі каардынатамі месца ўзнікнення: Гродзенскі астрог, Лукішкі, Слонімская турма. У заходнебеларускім друку з'явіліся толькі паадзінкавыя творы паэта: выдадзеная на шапірографе паэма «Непераможная», некалькі вершаў пад псеўданімам П. Сірата ў «Калоссі» за 1938 і 1939 гг. Паэма ж «Таварыш» (пра высокую ахвярнасць у імя свабоды) і верш «Песня пра сухар» (аб салідарнасці з палітзняволенымі) — рэчы вяршынныя ў творчасці В. Таўлая, запачаткаваныя ў астрожных мурах — напісаны ўжо на волі, пасля верасня 1939 г. Ужо ў першай заяўцы на творчасць, прысвечанай грамадаўскай стыхіі як парыву мас да Свабоды (паэма «Непераможная») выявіўся моцны эпічны пачатак паэзіі В. Таўлая. Нават у лірычных вершах («Дзяўчына», «Таварышу маёй вясны») паэт удала дасягае сінтэзу лірычных і эпічных элементаў. Публіцыстычная аратарская інтанацыя пры апоры на асабісты грамадскі вопыт дазволіла Таўлаю, не ўпадаючы ў рыторыку, выходзіць на сэнсава значныя вобразныя абагульненні, думкі, дасягаць арганічнага грамадзянскага пафасу. Даследчыкі паэзіі В. Таўлая (М. Арочка, I. Шпакоўскі) сведчаць аб прыкметным укладзе паэта ў культуру беларускага верша.

У другой палове 30-х гадоў агульнапрызнаным лідэрам беларускай паэзіі ў Заходняй Беларусі стаў Максім Танк (1912—1995). Агульнае прызнанне незвычайнага таленту паэта выявілася ва ўсім: у адзінагалоснай высокай ацэнцы крытыкі, у дзейснай увазе да творчых здабыткаў беларускага песняра прадстаўнікоў польскай літаратурнай грамадскасці, нарэшце, у папулярнасці ў шырокіх колах беларускай і польскай інтэлігенцыі. Аб апошнім красамоўна сведчылі літаратурныя вечары М. Танка ў Вільні з аўтарскім чытаннем вершаў з эстрады пры перапоўненых залах. Глыбокаталенавітае сцвярджэнне паэтам высокіх гуманістычных ідэалаў, самабытнае мастацтва слова захаплялі, зачароўвалі. Маштабнасць таленту М. Танка выявілася ў дынамічным творчым узыходжанні паэта. Пасля першых публікацый вершаў праз год-другі пачалі з'яўляцца ў друку яго эпічныя палотны. У паэмах «Нарач», «Каліноўскі», «Казка пра Музыку», «Журавінавы цвет», «Сказ пра Вяля» М. Танк арганічна паяднаў у паэтычнай стылістыцы сінкрэтычнае фальклорнае і інтэлектуальна-асацыятыўнае мысленне. У прадмове да першага паэтычнага зборніка М. Танка яго першы крытык і фактычны выдавец Р. Шырма (псеўданім Р. Баравы) выказаў празорлівую ацэнку будучыні маладога паэта: «...Максім Танк прыйшоў у беларускую літаратуру... і тут, на нашым Заходнім небасхіле... адразу загарэўся зоркай першай велічыні. Думаем, што нам яшчэ прыдзецца быць сведкамі, калі ягоны талент падымецца да Вялікага Сузор'я — Купалы-Коласа» (Танк М. На этапах. С. XVI.). Канфіскацыя польскай уладай кнігі «На этапах», сама назва якой — метафара жыцця паэта і яго паднявольнай краіны, была таксама высокай афіцыйнай ацэнкай Польскай дзяржавай таленту беларускага песняра, дзейснасці яго Слова. Як агульна прызнана, творчае лідэрства М. Танка ў літаратуры Заходняй Беларусі грунтавалася на адзіна надзейных падставах: на высокім, агульнаеўрапейскім узроўні яго паэзіі і рэдкаснай мастацкай прадуктыўнасці паэта. За нейкія чатыры перадвераснёўскія гады ў складаных, часам экстрэмальных умовах (заангажаваны ў камуністычным падполлі паэт зведаў канспірацыйныя яўкі, панскія астрогі) М. Танк у чатырох кнігах паэзіі здолеў апублікаваць каля трохсот твораў, пераважна лірыкі (Акрамя першага зборніка М. Танка, выдадзенага ў 1936 г., у 1937 г. асобнымі выданнямі паказаліся ў свет «Нарач», «Журавінавы цвет», а ў 1938 г. — «Пад мачтай».). Сярод іх, не лічачы паэм, такія паэтычныя шэдэўры, як «На пероне», «Паслухайце, вясна ідзе», «Песня кулікоў», «Лірнік», «Шэрыя хаты, платы і вароты», «Над калыскай», «Ткала я, ткала палотны», «Укралі, матуля, сына твайго людзі» — рэчы непрамінальнай красы ў беларускай літаратурна-мастацкай скарбніцы.

Паасобныя прадстаўнікі заходнебеларускай літаратуры, у тым ліку М. Танк (дастаткова ўспомніць яго «Пачатак оды», «Раманс»), не цураліся выпадку сродкамі гумару і сатыры выказаць свае адносіны да жыцця, тых або іншых яго грамадскіх праяў. Вяршыні свайго развіцця гумарыстычна-сатырычны напрамак у Заходняй Беларусі дасягнуў, мабыць, у часы «Маланкі». Але сатыра маланкаўцаў, заўсёды надзённая, далёка не ўсягды мела адэкватнае ідэям эстэтычнае забеспячэнне, каб быць гарантаванай на працяглае жыццё ў прасторы і часе. Пісьменнік Баляслаў Друцкі-Падбярэскі (1895—1940), адвакат па прафесіі, нашчадак старога княжацкага роду, літаратар, які прэтэндаваў на рэпрэзентацыю беларускага гумару і сатыры, найчасцей выступаў як байкапісец, быў нават аўтарам асобнага выдання «Байкі, гумар, сатыра» (1928), не дасягнуў у баечным жанры ўзроўню свайго папярэдніка Альгерда Абуховіча. Не ўзняўся на належны эстэтычны ўзровень і другі заходнебеларускі аўтар баек і гумарыстычных гутарак ксёндз Янка Быліна (Семашкевіч) (1883—1955). Творам іх бракавала паэтычнай энергіі, сцісласці радка, кандэнсацыі думкі, а часам і эстэтычнага густу. Пэўны (але разам з тым непараўнальны з "Маланкай") уклад у развіццё заходнебеларускай сатыры ўнёс месячнік «Асва», што выходзіў у Вільні з сакавіка па жнівень 1934 г. Друкаваліся ў «Асве» маладыя аўтары, звязаныя з камуністычным падполлем: Пятрусь Граніт, Васіль Струмень, Міхась Ліст. З больш вядомых — А. Іверс і М. Засім.

Мікола Засім (1908—1957) з'яўляўся народным самародкам, вылучаным у літаратуру культурна-масавым рухам Грамады і камуністычнага падполля 30-х гадоў. Пробы пяра яго, падпісаныя псеўданімамі «Агонь» і «Асот», змешчаны яшчэ ў «Маланцы». У 1933 г. у «Родным краі» М. Засім пад сваім прозвішчам друкаваў рэчы побытавай сатыры. Для паэта было арганічным і ярка выражаным менавіта гумарыстычна-сатырычнае бачанне рэчаіснасці. Верш М. Засіма быў блізкі да народна-паэтычнага гумару, але вылучаўся індывідуальным стылем выказвання, нёс на сабе знак натуры самабытнай, самавітай. Прынамсі, два гумарыстычна-сатырычныя вершы М. Засіма 30-х гадоў «Парагвай» і «Мы нічым так не багаты» сталі хрэстаматыйнымі.

Амаль у адначассі з М. Танкам (хто на год, хто на два-тры пазней) на літаратурную ніву Заходняй Беларусі ўступілі паэты Анатоль Бярозка, Сяргей Хмара, Анатоль Іверс, Алесь Дубровіч, Сяргей Крывец, Ніна Тарас.

Сяргей Хмара (Сіняк) (1912—1992), мяркуючы па часопісных публікацыях, як паэт рос паволі. Магчыма, прычынай замаруджвання паэтычнага росту была ранняя турма, няпросты пошук свайго месца ў постграмадаўскія часы ў вызваленчым руху. Водгалас драматычных перажыванняў глуха адчуваецца ў вершах зборніка «Жураўліным шляхам», хоць дамінуе ў ім бадзёры, аптымістычны настрой. У дынамічным рытме, маштабных і лакальных вобразах паэт умее перадаць сваю веру, упэўненасць у здольнасць вызваленчага руху, маладых сіл Беларусі супрацьстаяць няволі, паніжэнню і перамагчы. У праграмным вершы «Мы» (ім адкрываецца зборнік С. Хмары) паэт палемічна выказвае крэда мастака-змагара. Пакаленне маладых паэтаў-змагароў, ад імя якіх прамаўляе С. Хмара, ён называе «маладой ускалоссю Вялікай Сябрыны», а час, які выпаў ім, — часам, «стагоддзі што ломіць».

Верш Анатоля Іверса (Івана Міско, 1912 г. н.) вылучаецца акварэльнасцю. У Іверса лёгка вар'іруюцца настраёвыя пейзажныя матывы, на якія кладуцца, аднак, час ад часу цені глыбейшых, сацыяльна дэтэрмінаваных перажыванняў. У вершы «Загарэліся іскрамі зорнымі» Іверс асэнсоўвае некаторыя палітычныя рэаліі заходнебеларускай рэчаіснасці, праз пейзажны матыў лапідарна перадае лёс сям'і зняволенага ў астрозе земляроба. Лірычны герой А. Іверса — рамантык. Ён гатоў вартаваць зару, сабраць зоркі, каб сыпнуць іх на славу роднай Беларусі (вершы «Я выйду ў прастор безбярэжжаў», «Да жніва», «У шуме жыта»). У цэлым жа грамадзянскія матывы зборніка Іверса «Песні на загонах» (1939) яшчэ не адліліся ў высокапаэтычныя строфы, хоць лірыцы паэта наогул не бракуе пяшчоты, шчырасці, душэўнай цеплыні.

Як большасць паэтаў Заходняй Беларусі, цяжкую жыццёвую школу прайшоў Сяргей Крывец (1909—1945). Многае з перажытага паэтам было наканавана агульным беларускім лёсам: бежанскае дзяцінства, маладосць, растрачаная хлопцам з наднёманскай вёскі ў пошуках хлеба, наёмнай працы цесля ў Гродне, Беластоку, заўчасная смерць пад Гдыняй вясною 1945-га, калі трэба было прыспешыць перамогу над фашызмам. Вялікі знаўца і прыхільнік заходнебеларускай паэзіі, яе апякун, выдавец і крытык Р.Р. Шырма ў прадмове да пасмяротнай кнігі вершаў С. Крыўца даваў высокую ацэнку асобе і таленту паэта: «Сяргей Крывец быў паэтам-грамадзянінам, які заўсёды з запалам выступаў супраць тых, хто нясе няволю народам, хто творыць гвалты над светам» (Крывец С. Дубок. Мн., 1972. С. 5.). I яшчэ: «...Гэта быў цудоўны, востры і моцны талент». У вершаваных радках, снаваных сталяром беластоцкіх будоўляў, чуюцца гарт душы, шырокі кругагляд, дасягнуты дапытлівым розумам, мэтанакіраванай самаадукацыяй. Вершы С. Крыўца грунтуюцца на асабістым перажыванні, перададзеным часта з досціпам, іроніяй («Крызіс», «Сыплюць думкі», «Шэрая гадзіна»). Паэтычны сінтаксіс С. Крыўца мае размоўную аснову, вылучаецца сцісласцю фразы, афарыстычнасцю мастацкага абагульнення.

Здабыткі заходнебеларускай прозы 1930-х гг. даволі сціплыя.

Не здрадзіўшы лірыцы, выступаў у галіне прозы Хв. Ільяшэвіч, з нахілам якраз да псіхалагічнай яе плыні. Празаічная спадчына Хв. Ілляшэвіча небагатая: складае каля дзесяці апавяданняў. Газета «Родны край», інфармуючы пра вечар пісьменніка ў зале Віленскага універсітэта, засведчыла, што разам з вершамі і апавяданнямі аўтар пазнаёміў слухачоў і з фрагментамі рамана «Туман» (Родны край. 1936. 15 лістап.). Героямі навел і апавяданняў Хв. Ільяшэвіча з'яўляюцца, як правіла, маладыя інтэлігенты, студэнты або выпускнікі вышэйшай вучэльні, што шукаюць сваё месца ў жыцці, часам проста працу. У большасці выпадкаў — свядомыя свайго грамадзянскага абавязку перад простым людам, спаміж якога вышлі. Зведаўшы навуку, атрымаўшы веды, яны імкнуцца быць грамадска карыснымі на месцы сваёй працы: усведамляць сялян, дапамагчы закласці кааператыў, каб вызваліць рабачая ад зыску пасрэднікаў (апавяданне «На ростані»). У асобных герояў твораў Ільяшэвіча за плячыма пэўны жыццёвы досвед. Так, Алесь з апавядання «Сосны шумяць» не можа ўладкавацца на працу з-за сваёй недабранадзейнасці ў вачах улады. Часова прыняты на лесапавал, ён аказваецца хутка звольнены. «Падзякуйце, што я так, без паліцыі. ...Нам бунтароў не трэба», — чуе ён ад служачага лясніцтва (Дальны М. Сосны шумяць // Зборнік «Роднага краю» за 1934 год Вільня, 1935. С. 89.). Для Алеся шчасце — у барацьбе, і аб гэтым кажа ён сваёй змарнелай маці, якая сустракае звольненага сына на станцыі. Хоць у апавяданні «Шопат зямлі» пісьменнік лакалізуе дзеянне (яго героі — вясковыя хлопцы, што вязуць прадаваць вазамі сена ў Беласток), яму ўдаецца намаляваць шырокую панараму заходнебеларускага жыцця, высвеціць нейкі тыповы чалавечы лёс, пранікнёна перадаць адчуванне, перажыванні асноўнага героя. Найчасцей сюжэт у апавяданнях Ілляшэвіча (Дальнага — псеўданім) разгортваецца паволі, асобныя мясціны памячаюцца як бы пункцірна. Замалёўкі прыроды, аўтарская рэфлексія адыгрываюць у ім значную ролю, маюць філасофскі падтэкст.

Спрабаваў свае сілы ў прозе і М. Васілёк. Апублікаваныя пісьменнікам у 1937—1938 гг. у «Калоссі» апавяданні «Крыўда» і «Развітанне» па мастацкай фактуры, псіхалагізме былі добрай заяўкай на эпіку. У апавяданні «Развітанне» Васілёк паспрабаваў вывесці новы для заходнебеларускай літаратуры мастацкі характар — вобраз важака рабочай моладзі. Недахоп адпаведнай жыццёвай і эстэтычнай практыкі, аднак, адбіўся на кампазіцыйнай арганізацыі матэрыялу, не дазволіў дасягнуць неабходнай мастацкай завершанасці твора.

У галіне драматургіі ў заходнебеларускай літаратуры 1930-х гг. працавала, як і ў прозе, таксама няшмат аўтараў.

Даць нешта новае, узятае непасрэдна з жыцця беларускай моладзі, захопленай ідэяй нацыянальнага адраджэння, паспрабаваў Я. Рушчанец, самадзейны аўтар з Беласточчыны. Выдадзеныя БІГіК паасобку два сцэнічныя абразкі Рушчанца «Першыя ластаўкі» і «Зорка-ідэя» былі актуальныя сваёй праблематыкай (моладзь, яе шляхі да нацыянальна-вызваленчай барацьбы), аднак у мастацкім плане выглядалі даволі слаба (статычнасць дзеі, слабая індывідуалізацыя персанажаў).

Спрабаваў пісаць п'есы і М. Машара. У двухактоўцы «Вось тут і зразумей» (1934) ён засведчыў уменне ў адпаведнасці з законамі сцэнічнага мастацтва разгортваць фабулу, нязмушана будаваць дыялог ды характарыстычна індывідуалізаваць мову герояў. Сцэнічны жарт «Чорт з падпечча» (1936) і драма ў трох актах «Лёгкі хлеб» (1936) абапіраюцца на драматургічную практыку Ф. Аляхновіча і М. Гарэцкага. Сюжэт аднаактоўкі «Чорт з падпечча» заснаваны на ў многім на народна-фальклорнай глебе і расказвае пра выкрыццё мужам нявернай жонкі. У п'есе «Лёгкі хлеб» дзеянне адбываецца ў вёсцы і горадзе: пісьменнік імкнецца адлюстраваць пэўныя змены ў беларускім грамадстве, прыход паасобных прадстаўнікоў сяла ў нацыянальна-вызваленчы рух. М. Машару ўдалося паказаць эвалюцыю ў светапоглядзе прадстаўнікоў вёскі, стварыць даволі пераканаўчыя вобразы галоўнай гераіні Веры Мутэркі, яе бацькоў, антыгероя — булахоўскага афіцэра Крукоўскага.

П'еса «Забойства ў доме № 37» (1931) Ф. Руткоўскага вызначана ў жанравым плане як фарс. Дадзены твор цікавы ў першую чаргу тым, што аўтар закрануў у ім новую для ўсёй беларускай літаратуры таго часу праблематыку — норавы і метады працы некаторых прадстаўнікоў правінцыйнага друку. Акрамя таго, п’еса даволі неблагая ў мастацка-эстэтычным плане: дзеянне ў ёй разгортваецца досыць імкліва, дынамічна, персанажы (а ў некаторых з іх "гаворачыя" прозвішчы — напрыклад, рэпарцёр газеты Нюх; рэдактар газеты Манюка) у моўных і характаралагічна-паводзінавых адносінах вызначаюцца значнай ступенню індывідуалізацыі.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Ліс А.С. Літаратура Заходняй Беларусі // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. - Мн., 1999. С. 210-281.

2. Краўцоў М. Маскалёвы дзеці // Беларускі звон. 1921. № 22-23

3. Канчэўскі I. Вераснёвае пано // Наша будучына. 1923. № 4

4. Гніламёдаў У.В. Ад даўніны да сучаснасці: Нарыс пра беларускую паэзію. Мн., 2001.

5. Сцягі і паходні. Мн., 1966.

6. Канчэўскі I. Мы разам // Заходняя Беларусь. С. 8.

7. Ростані волі. З заходнебеларускай паэзіі - Мн., 1990.

8. Анталогія беларускай паэзіі: У 3 т.- Мн., 1993. Т. 1-2.

9. Грывіч. На парозе 1386 году / Грывіч // Родныя гоні. Кн.4. С. 2-7.

10. Дзядзька Пранук Стася / Дзядзька Пранук // Беларускі звон. 1921. № 20, 21, 23.

Размещено на Allbest.ru

1. Курсовая Технологія монтажу та ремонту машин постійного струму
2. Реферат на тему Jackie Robinson Essay Research Paper Jackie RobinsonJackie
3. Реферат Меры обеспечения производства по делам об административных правонарушениях как вид административного
4. Контрольная работа Методика аудита в формировании финансовых результатов. Аудиторские риски
5. Курсовая на тему Мотивация работников на примере организации
6. Реферат Семен Франк
7. Диплом на тему Особенности письменного информативного перевода офисной документа
8. Реферат на тему Copyright Infringement Essay Research Paper A copyright
9. Реферат Бантышев, Александр Олимпиевич
10. Реферат Теоретические основы социально-педагогической работы с учащимися в микрорайоне