Реферат

Реферат Кастусь Каліноўскі

Работа добавлена на сайт bukvasha.net: 2015-10-28

Поможем написать учебную работу

Если у вас возникли сложности с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой - мы готовы помочь.

Предоплата всего

от 25%

Подписываем

договор

Выберите тип работы:

Скидка 25% при заказе до 22.11.2024



УА «Полацкая дзяржаŷная агульнаадукацыйная сярэдняя школа №1»

Кастусь Каліноўскі.


Работу зрабiла: Каламiец Вольга, 11 А. К Кiраŷнiк: Цялюк В.Г. н настаŷнiк гiсторыi ы высшэй катэгорыi.

Змест.

1. Пачатак жыцця………… 3.

2. Студэнцкія гады…………4.

3. За нашу і вашу свабоду…………5.

4. У полымі барацьбы………….9.

5. Смерць і неўміручасць………….11.


6.Памяць………….13.

7. Літаратура………….14.


У нашай мінуўшчыне можна ўбачыць усё: бліскучыя перамогі, і трагічныя паразы, высакародныя подзвігі і подлыя здрады. Памяць Беларусі перахоўвае неацанімы скарб, які нам яшчэ вывучаць і вывучаць. Але сярод шматлікіх выдатных постацяў айчыннай мінуўшчыны, безумоўна, вылучаецца адна, без якой, верагодна, не існавала б сёння незалежнай Беларусь, і не крочылі б мы насустрач новаму тысячагоддзю нацыяй, са сваёй мовай, культурай, гісторыяй...

1. Пачатак жыцця


21 студзеня (2 лютага) 1838 г. у Мастаўлянах Гародзенскага павету (зараз гэта польская Беласточчына) у сям'і збяднелага шляхціца герба "Калінава" нарадзіўся Кастусь Каліноўскі (Вікенцій Канстанцін Сымонавіч Каліноўскі) - нацыянальны герой Беларусі, чалавек, які ўпершыню паставіў пытанне аб узнаўленні беларускай дзяржаўнасці і ўсё свядомае жыццё прысвяціў барацьбе за лепшую долю свайго народа.

Каля ста год продкам Кастуся належыў маёнтак Калінава на Браньшчыне (памежжа Польшчы i Беларусі), але ў другой палове 18 ст. з-за фінансавых цяжкасцяў ён быў прададзены. Так Каліноўскія сталі беззямельнай шляхтай.

Бацька Кастуся, Сымон Сцяпанавіч, будучы, відавочна, чалавекам энергічным і прадпрымальным, на зямлі абшарніка Радавіцкага заснаваў у 1835 г. невялічкую ткацкую фабрыку. Тут вырабляліся абрусы, сурвэткі ды іншыя ільняныя тавары. Справы йшлі дастаткова добра. Сымону Каліноўскаму ўдалося дамагчыся высокай якасці і канкурэнтназдольнасці сваёй прадукцыі. Але ў 1843 г. сям'ю напаткала вялікае гора - нечакана памёрла ад родаў Вераніка Рыбінская - жонка Сымона Сцяпанавіча. Кастусю падчас смерці маці было ўсяго 5 год.

Праз колькі часу Сымон Каліноўскі ажаніўся з Ізабэлай Лазарэвіч. Разам са сваёй другой жонкай ён набыў паблізу мястэчка Свіслач (недалёка ад Ваўкавыска) фальварак Якушоўка, куды ў 1849 г. і пераехала сям'я, а таксама была перавезена фабрыка. Аднак замяніць дзецям свайго мужа родную маці Ізабэла Лазарэвіч так і не здолела.

Падчас пераезду ў Якушоўку Кастусь Каліноўскі ўжо студыяваў у Свіслачы ў тамтэйшай гімназіі, куды паступіў у 1847 г. Свіслацкая гімназія была на той час адным з асяродкаў мясцовага патрыятызму й вальнадумства, што, пэўна, і прадвызначыла яе далейшы лёс. У 1951 г. ўлады пераўтварылі гімназію ў павятовую вучэльню. Выйшаўшы з яе праз год, Кастусь у 1852-1855 гг. жыве ў бацькавай Якушоўцы, дапамагае ў гаспадарчых клопатах, займаецца самаадукацыяй.

У канцы 1855 г. Кастусь ад'язджае да старэйшага брата Віктара ў Маскву, жадаючы працягнуць адукацыю. Той ужо тры гады як навучаўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага універсітэта. Але ў 1856 г. Віктар нечакана пакідае вучобу, і браты Каліноўскія кіруюцца ў Пецярбург. Там Віктар уладкаваўся на працу ў Імператарскую публічную бібліятэку, а малодшы брат падаў Прашэнне на імя в. а. рэктара С-Пецярбургскага універсітэта Э. X. Ленца аб допуску да прыёмных іспытаў. Кастусь паспяхова здаў экзамены, і ў кастрычніку-месяцы быў залічаны на першы курс юрыдычнага факультэта па разрадзе камеральных навук.

2. Студэнцкія гады


Такім чынам, у жыцці будучага правадыра нацыянальна-вызваленчага паўстання распачаўся новы этап. Менавіта ў студэнцкія гады канчаткова сфармаваўся рэвалюцыйны светапогляд Каліноўскага. Ён зачытваўся "Колоколом" і "Современником", творамі расійскіх рэвалюцыйных дэмакратаў, а можа нават і быў асабіста знаёмы з такімі выдатнымі людзьмі як М. Дабралюбаў, М. Чарнышэўскі, Т. Шаўчэнка.

Студэнцкая зямляцкая арганізацыя "Огул", створаная ўраджэнцамі Беларусі, Польшчы, Літвы й Украіны, некаторы адрэзак свайго існавання ўзначальвалася Каліноўскім. Ягонае прозвішча мы сустракаем у пераліку студэнтаў, што ў розныя часы выбіраліся на найбольш значную пасаду ў "Огуле" - пасаду бібліятэкара. А бібліятэкар заўсёды быў у арганізацыі самай паважанай асобай, ён меў права на сходах канчаткова вырашаць пытанні, I той факт, што таварышы (трэба думаць, неаднакроць) спынялі свой выбар на Каліноўскім, малюе яго ўжо тады як выдатнага канспіратара, адданага патрыёта, сумленнага чалавека, які карыстаецца заслужанай павагай сярод знаёмых з ім людзей.

Прыкладна ў 1858 г., калі была створана вайскова-рэвалюцыйная арганізацыя афіцэраў Генеральнага штаба Зыгмунта Серакоўскага і Яраслава Дамброўскага, у склад яе дзейсных сяброў увайшлі таксама Кастусь і Віктар Каліноўскія.

Але студэнцкія гады Кастуся прайшлі не толькі пад знакам набыцця ведаў і актыўнай дзейнасці ў падпольных патрыятычных гуртках. Бацька Сымон Сцяпанавіч ад двух шлюбаў меў ажно 17 дзяцей. Не ўсе з іх дажылі да сталасці, але зразумела, што пры такой вялікай сям'і Сымон Каліноўскі не мог аказваць сынам у Пецярбургу колькі-небудзь значную матэрыяльную падтрымку. Прадставіўшы падчас паступлення адпаведныя дакументы, Кастусь быў вызвалены ад платы за праслухоўванне лекцыяў ва універсітэце па беднасці. Аднак жа й жыццё ў сталіцы не было танным. Жылі браты Каліноўскія, галоўным чынам, на заробкі Віктара ў Імператарскай публічнай бібліятэцы. Працуючы там, Віктар Каліноўскі па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі займаўся росшукам у кнігасховішчах матэрыялаў па гісторыі Рэчы Паспалітай, іх апісаннем і капіраваннем. Ёсць падставы меркаваць, што Кастусь чым мог дапамагаў брату ў ягонай працы. Пра гэта ўскосна сведчыць тое, што напрыканцы 1860 г., Віктар, у сузязі з неабходнасцю паехаць у Маскву, прасіў у тагачаснага дырэктара бібліятэкі М. А. Корфа дазволу перадаць свае "заняткі" на карысць Віленскае камісіі Кастусю. Значыць, апошні не толькі быў блізка знаёмы з братавай працай, але й разбіраўся ў ёй настолькі, што мог яго поўнасцю замяніць.

Але гэта будзе значна пазней, незадоўга да атрымання Кастусём універсітэцкага дыплома. Пакуль жа грашовая нястача прымушала яго даваць прыватныя ўрокі, каб прыдбаць хоць якую лішнюю капейчыну. Тым не менш, грошай па-ранейшаму не ставала. Неаднаразова Кастусь Каліноўскі звяртаўся па фінансавую дапамогу ў рэктарат. У 1858 г. яму прызначылі штомесячную стыпендыю памерам у 7 руб. Але ні яна, ні разавыя дапаможныя выплаты не маглі карэнным чынам змяніць матэрыяльнае становішча Каліноўскага. Асабліва катастрафічны быў стан рэчаў у кастрычніку 1859 г., калі Кастусь сур'ёзна захварэў. У яго зноў праявіліся сімптомы недалечанай з прычыны беднасці цяжкай нервовай хваробы ("подобной падучей"). Выздараўленне, відаць, не было лёгкім і хуткім. Але Каліноўскі годна вытрымаў жыццёвыя выпрабаванні й нягоды. Улетку 1860 г. універсітэцкі курс быў паспяхова скончаны, а неўзабаве пасля падачы дысертацыі - 17 лютага 1861 г. ён атрымаў Дыплом кандыдата правоў.

Ужо літаральна праз два тыдні пасля атрымання Дыплома, Кастусь падаў у Вільні мясцоваму генерал-губернатару У. I. Назімаву прашэнне (докладную записку) з просьбай аб уладкаванні на службу. Аднак, у працы Каліноўскаму было адмоўлена: на запісцы з'явілася рэзалюцыя: "объявить о неимении вакансий".

3. За нашу і вашу свабоду


Вяртанне Кастуся Каліноўскага на радзіму супала з наспяваннем тут рэвалюцыйнай сітуацыі. На землях колішняй Рэчы Паспалітай было неспакойна. Абнародванне ўмоваў сялянскай рэформы прывяло да моцных хваляванняў у вёсках. Новы імпульс атрымаў польскі нацыянальна-вызваленчы рух. Але, у адрозненне ад папярэдніх часоў, рух гэты не быў суцэльна польскі. Упершыню на поўны голас заявіла пра сябе ўласна беларуская адраджэнцкая ідэя. Яе носьбіты йшлі ўжо змагацца не за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г, а за вольную Беларусь. I адным з першых выразнікаў гэтай ідэі было наканавана стаць Кастусю Каліноўскаму.

На працягу 1861 г. ён стварае на Гародзеншчьне разгалінаваную падпольную арганізацыю з прадстаўнікоў разначыннай інтэлігенцыі. Разам са сваімі аднадумцамі-паплечнікамі В. Урублеўскім, Ф. Ражанскім, С. Сангіным Каліноўскі разгарнуў шырокую прапаганду рэвалюцыйных ідэй сярод простага народа.

Трэба адзначыць, што праграма Каліноўскага-рэвалюцыянера моцна адрознівалася ад тых установак, якіх прытрымліваліся ягоныя папярэднікі ды й большасць сучасных яму дзеячаў вызваленчага руху. I справа тут не толькі ў цвёрдай пазіцыі адносна нацыянальнага пытання. Калі апаненты Каліноўскага галоўную ролю ў паўстанні адводзілі шляхце, дык ён наадварот лічыў, што супраціў можа мець поспех толькі ў выпадку яго перарастання ў сялянскую агульнанародную вайну. Адно масавы ўдзел сялян у паўстанні, на думку нашага рэвалюцыянера, мог забяспечыць жаданую перамогу. Шляхце ж Кастусь адводзіў дапаможную ролю.

Увогуле, стаўленне Каліноўскага да прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя (хоць ён сам належаў да яго) нельга назваць вельмі пазітыўным. Недавер да шляхты, відаць, грунтаваўся на ўсведамленні таго, што яна на працягу гісторыі неаднаразова здраджвала інтарэсам свайго народа. Шляхціцам, спачуваючым справе паўстання, па сведчаннях сучаснікаў, Каліноўскі дазваляў станавіцца ў сялянскія баявыя шэрагі толькі ў іншых паветах, там, дзе іх не ведалі. Буйныя землеўласнікі, што, як правіла, не падтрымлівалі ўзброеныя выступленні альбо падтрымлівалі іх чыста намінальна, расцэньваліся "Дыктатарам Літвы і Беларусі" як ворагі. Пазней жа, калі ў выніку мураўёўскіх рэпрэсіяў шляхта стала масава пакідаць паўстанне, пазіцыя Каліноўскага стала яшчэ больш жорсткай. Яму прыпісваюцца словы "сякера паўстанца не павінна затрымлівацца нават над калыскай шляхецкага дзіцяці". Зразумела, дадзенае не трэба разумець літаральна, у прамым сэнсе, аднак паводле гэтага выказвання (калі яно сапраўды належыць Каліноўскаму) можна меркаваць пра бескампраміснасць кіраўніка беларускіх паўстанцаў у дачыненні да дваранскага саслоўя.

Найгалоўнейшай сваёй задачай у перыяд падрыхтоўкі паўстання Кастусь Каліноўскі бачыў у прыцягненні да яго шырокіх народных масаў, сялянства. Як чалавек мэтанакіраваны і апантаны, Кастусь разам з паплечнікамі ездіў і хадзіў па краі, з вёскі ў вёску, выступаў у корчмах ды іншых месцах, дзе збіралася шмат люду, выкрываў рабаўніцкую палітыку царызму, заклікаў сялян да барацьбы за свабоду й лепшае жыццё. Сучаснікі сведчылі, што Каліноўскі, агітуючы, прайшоў пешшу ўсю Літву й Беларусь.

Для прапаганды ідэяў паўстання сярод сялян Кастусь з бліжэйшымі аднадумцамі ўлетку 1862 г. пачаў падпольна выдаваць першую газету на беларускай мове - "Мужыцкую праўду". Дакладнае месца яе выдання невядома. Наконт гэтага ёсць розныя меркаванні: Беласток, Вільня, часам нават называецца Мінск.

Газета ўяўляла сабой аркуш паперы з надрукаваным лацінкаю на адным ці абодвух баках тэкстам. Усяго выйшла сем нумароў "Мужыцкай праўды", апошні з іх з'явіўся ўжо падчас паўстання. Кожны такі аркушык, знойдзены селянінам на полі, вясковай вуліцы ці нават уласным падворку, нёс у сабе магутны інфармацыйна-прапагандысцкі зарад. І таму не дзіўна, што выхад у свет кожнага новага "крамольнага" лістка даводзіў да шаленства мясцовыя імперскія ўлады. На росшук аўтараў і выдаўцоў былі кінуты значныя паліцэйскія сілы. Да людзей, якія чыталі сялянам Кастусёву газету прымяняліся самыя жорсткія меры пакарання. Аднак, спыніць распаўсюджванне "возмутительных" паперак не ўдавалася.

Бадай, кожны нумар "Мужыцкае праўды" прысвячаўся нейкай асобнай тэме. Напрыклад, рэкруцкай павіннасці ці абароне уніяцкай царквы, якая магла б стаць нацыянальнай рэлігіяй беларусаў, тым самым пазбавіўшы іх ад рэлігійнага ўплыву Польшчы і Расіі. Газета выкрывала злоўжыванні расійскіх чыноўнікаў, антынародную палітыку царскага ўрада. Гэтак, "Мужыцкая праўда" №4 распавядала сялянам, якім павінен быць добры ўрад:

"І як добры слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ронд (урад) глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіць так, як народаві лепей. І не дзіва, бо не народ зроблены для ронду, а ронд для народу".

Газета выдавалася для сялян, яна павінна была быць ім зразумелай, улічваць праблемы й пытанні, што хвалявалі тады простага земляроба, Тут не патрэбныя былі ніякія мудрагелістыя высновы, бо яны не маглі выклікаць даверу ў малапісьменнага (або ўвогуле непісьменнага) чалавека. Таму цалкам натуральна, што некаторыя пытанні (да прыкладу праблема ўзнікнення саслоўнае няроўнасці) трактаваліся у "Мужыцкай праўдзе" спрошчана. Але гэта зусім не значыць, што трактоўкі тыя былі несправядлівыя ў сваёй сутнасці. Проста Каліноўскі максімальна ўлічваў псіхалогію сваіх будучых чытачоў. Гэта прасочваецца нават у выбары псеўданіма, якім падпісваліся нумары газеты, - Яська-гаспадар з-пад Вільні. Не пан, не бабыль, не "енарал", не нейкі абстрактны дабрадзей, а менавіта гаспадар - працавіты і разумны селянін, які добра ведае свае патрэбы і не жадае больш мірыцца з векавой забітасцю й невуцтвам.

"Мужыцкая праўда" - узор тагачаснай агітацыйнай прэсы. Але Кастусь не здолеў ва ўсіх выпадках узняцца над банальным шальмаваннем усяго таго, супраць чаго змагаўся. Хоць ці можна бьло пісаць іначай ад імя абуранага царскай палітыкай селяніна Яські? Асабліва грашыць рэзкімі выказваннямі шосты нумар "Мужыцкай праўды": тут крытыка часам даходзіць да мяжы, дзе пачынаецца непрыстойнасць. Абараняючы уніяцтва, Каліноўскі дазваляе сабе ў той жа час зняважлівыя выпады ў адрас праваслаўя. Кастусь называе яго "сызмай" (ерассю), пагражае пякельнымі пакутамі тым, хто не вернецца назад ва ўніяцкую веру. Магчыма, гэта толькі погляд нашчадка, які жыве ў сваім часе, але ж дзевятнаццатае стагоддзе - не сярэднявечча з ягонай нецярпімасцю, і падобныя выказванні аніяк не ўпрыгожваюць "Мужыцкую праўду", псуюць агульнае ўражанне ад яе. Аднак, трэба адзначыць, што крытыка Каліноўскага (няхай сабе й празмерна жорсткая) не была беспадстаўнай. Каліноўскі, як тое відаць з першае часткі "Пісьмаў з-пад шыбеніцы", атаясамляў з праваслаўем (чамусь) толькі маскоўскую плынь грэчаскага рэлігійнага абраду, называючы яе "царскай верай", "у каторай адно за цара да за цара маліціся трэба". Паводзіны царкоўньх іерархаў, іх непрыхаваныя "лобызания" з уладамі свецкімі не маглі не абураць. У абмен на дзяржаўную падтрымку царкоўны апарат часта быў гатовы падтрымаць і тэалагічна абгрунтаваць нават вельмі далёкія ад хрысціянскай духоўнасці й маралі дактрыны і акцыі царызму. Да таго ж праваслаўная царква была (і ці не застаецца да сённяшняга часу?) адным з асноўных сродкаў русіфікацыі беларускага народа.

Такім чынам, Кастусь Каліноўскі не выступаў супраць праваслаўя як усходняй плыні хрысціянства. Як ён мог тое рабіць, калі уніяты - тыя ж праваслаўныя, толькі падначаленыя рымскаму першасвятару? Але аб'ектам крытычных выпадаў Каліноўскага была не праваслаўная вера, а святарства, якое старанна падладжвала рэлігію пад інтарэсы імперскіх улад.

Нягледзячы на значныя недахопы, "Мужыцкая праўда" стала сапраўдным набатам паўстання. З'яўленне яе дало магчымасць паўстанцам пазней пратрымацца ў заходніх рэгіёнах Беларусі з вясны да позняе восені, бо, паводле сведчанняў Ф. Ражанскага,

"...харчаванне і праваднікоў паўстанцам дастаўлялі выключна адны сяляне, нягледзячы на ўсе цяжкасці і строгую адказнасць, якая пагражала ім з боку маскоўскага ўрада"

У той жа час, трэба адзначыць, што з-за абмежаванага накладу газета Каліноўскага, на жаль, дайшла толькі да часткі беларускіх сялян. На усходзе ж Беларусі яна амаль зусім не атрымала распаўсюджання - мажліва, гэта адна з прычын тага, што вызваленчы рух быў тут падаўлены хутка. Сяляне, паверыўшы афіцыйнай прапагандзе, не падтрымалі выступленні, а наадварот актыўна дапамагалі лавіць інсургентаў.

Распаўсюджвалася "Мужыцкая праўда" як звычайная ўлётка, ды й сама яна вельмі нагадвала лістоўку. Газету раскідвалі па вясковых вуліцах, сялянскіх палетках, проста чыталі перад сышоўшымся людам. Кастусь Каліноўскі асабіста браў у гэтым удзел, прычым,.надзвычай дзёрзка, з вялікай рызыкай для сябе. У кастрычніку 1862 г. ён у вёсцы Шэйнякі на Слонімшчыне, едучы на паштовых конях, раскідваў трэці нумар "Мужыцкае праўды". Паліцыя напала на ягоны след, і Каліноўскі быў змушаны перайсці на нелегальнае становішча, жыць пад рознымі псеўданімамі (Макарэвіч, Хамовіч, Чарноцкі ды інш.).

Літаратурна-публіцыстычная спадчына Кастуся Каліноўскага, на думку даследчыкаў, не абмяжоўваецца толькі "Мужыцкай праўдай" і напісанымі незадоўга да смерці "Пісьмамі з-пад шыбеніцы". Мяркуецца, яму належаць некалькі публікацыяў у польскамоўным нелегальным друку: газетах "Хоронгев свободы", "Неподлеглосьць". Ініцыятарам выдання падпольнай газеты "Głos z Litwy" ("Голас з Літвы"), неафіцыйнага друкаванага органа віленскіх канспіратараў, што выходзіў у Кёнігсбергу, таксама быў Каліноўскі.

Блізкае знаёмства Кастуся з расійскімі рэвалюцыянерамі-дэмакратамі, відаць, спрычыніліся да з'яўлення ў перадавым артыкуле першага нумара "Хоронгві свободы"




"Chorągiew swobody".
№ 1

наступных узважаных і высакародных радкоў:

"Народ маскоўскі скаланаецца ад нашай векавой крыўды. Ён свабодным братам нашым, а не прыгнятальнікам быць жадае і адказнасць перад нашчадкамі за нашу жалезную няволю рашуча ўскладае на гатовы пасці царызм".

Але правал планаў узняцця паўстання ва ўласна расійскіх губернях, адкрыта імперска-шавіністычная пазіцыя нават прагрэсіўных колаў расійскае грамадскасці (паўстанцаў падтрымліваў, бадай, адно герцэнаўскі "Колокол"), жорсткія, непрыхавана цынічныя карныя акцыі Мураўёва-вешальніка - усё гэта прывяло да горкага расчаравання Каліноўскага ў вольналюбівасці рускага народа, яго гатоўнасці да барацьбы. У хвіліны адчаю і расчаравання, відаць, і народзіцца першая частка "Пісьмаў з-пад шыбеніцы", дзе аўтар адмовіць рускаму народу ў братэрстве з беларускім, які хаця б паспрабаваў вызваліцца з-пад самадзяржаўнага прыгнёту.

Праз усю публіцыстыку Кастуся Каліноўскага праходзіць яўная сімпатыя да мінулага Рэчы Паспалітай, асабліва да апошняга (рэфарматарскага) перыяду яе існавання. Ён спадзяваўся, што новая Польшча возьме з мінулага толькі добрае, станоўчае; забяспечыць свабоду веравызнанняў, самавызначэнне народаў, што некалі жылі ў Рэчы Паспалітай. Аднак далейшая палітыка варшаўскіх канспіратараў выклікала рэзкую перамену настрояў К. Каліноўскага адносна Польшчы (як і ў выпадку з Расіяй). Чаго варта, напрыклад, усяго адно выказванне, прыводзімае, дарэчы, славутым беларускім гісторыкам У. Ігнатоўскім: "Такой бязмозглай галаве, як Варшава, немагчыма давяраць будучую долю Беларусі". Але рэзкія выпады з'явяцца пазней. Дапаўстанцкая ж дзейнасць Кастуся прасякнута ідэямі аб братнім саюзе й усеагульнай барацьбе супраць расійскага самадзяржаўя.

У 1862 г. Каліноўскі ўвайшоў у склад Літоўскага правінцыйнага камітэта - цэнтральнага кіраўнічага органа паўстанцкае арганізацыі на землях былога Вялікага княства Літоўскага - (ЛПК). Кастусь адстойваў у Камітэце сваю равалюцыйна-дэмакратычную праграму, выступаў за поўнае раўнапраўе ў стасунках паміж варшаўскімі й віленскімі канспіратарамі. Увосень, пасля ад'езду ў Маскву кіраўніка ЛПК Л. Звяждоўскага, Каліноўскі ўзначаліў Камітэт.

Гэтым часам сябрамі ЛПК сталі Э. Вярыга, 3. Чаховіч, Я. Козел, Б. Длускі. Погляды іх у большасці былі сугучнымі з праграмай Каліноўскага. Акрамя пералічаных асоб у склад ЛПК увайшоў таксама ў якасці паўстанцкага начальніка горада Вільня італьянец па паходжанні А. Банольдзі.




Кастусь Каліноўскі.
Фота А. Банольдзі

Цікава што менавіта ён, будучы віленскім фатографам, зрабіў у 1862 адзіны вядомы сягоння фотаздымак Кастуся Каліноўскага ў поўны рост.

Пасля згаданай восеньскай рэарганізацыі ЛПК віленцы, насуперак дамаганням палякаў, сталі праводзіць самастойную палітыку, узгадняючы з варшаўскім цэнтрам толькі найбольш істотныя пытанні.

Вялікай стратаю для Кастуся стала смерць ад сухотаў старэйшага брата Віктара, які памёр у кастрычніку ў Якушоўцы. Толькі няспынная праца, што патрабавала велізарных фізічных і маральных высілкаў, крыху прыглушала душэўны боль. А Каліноўскі працягваў працаваць нягледзячы ні на што. Ліст, дасланы ім бацьку з Пецярбургу, дазваляе сцвярджаць, што напрыканцы 1862 г. Кастусь быў у сталіцы імперыі. Магчыма, ён ездзіў туды для наладжвання (ці падтрымання) сувязі з рускімі рэвалюцыянерамі.

4. У полымі барацьбы


Але, нягледзячы на ўсе Кастусёвы высілкі й намаганні, стварыць на беларуска-літоўскіх землях магутную падпольную арганізацыю, якая б карысталася шырокай падтрымкай у народзе, да пачатку ўзброеных выступленняў не ўдалося. Калі нечакана выбухнула паўстанне, "літоўская арганізацыя" яшчэ толькі фарміравалася, была недастаткова моцнай.

Каб не ўносіць раскол у паўстанцкія шэрагі, ЛПК на чале з Каліноўскім праз дзесяцідзённую паўзу ўсё ж падтрымаў выступленні ў Польшчы. І, з-за ўласнае слабасці, быў вымушаны салідарызавацца з усімі пастановамі варшаўскага рэвалюцыйнага ўрада. У гэтым нам бачыцца трагедыя Кастуся Каліноўскага як кіраўніка нацыянальна-вызваленчага руху. Будучы, безумоўна, патрыётам Літвы-Беларусі, ён быў вымушаны выступаць ад імя "ронду польскага" і ў імя Польшчы. Зараз многія Каліноўскага за гэта папракаюць, забываючыся на тое, што чакала б Кастуся ва ўмовах рэвалюцыйнага часу, калі б ён стаў афіцыйна выказваць свае "сепаратысцкія" ідэі (у прыватных размовах, мяркуючы па сведчаннях сучаснікаў, гэткіх выказванняў хапала). Каліноўскі і так меў мужнасць праводзіць палітыку ў многіх пунктах адрозную ад польскай. Прыгадайма хаця б "Паўстанцкую інструкцыю", што рассылалася камандзірам інсургентаў, дакладней, яе апошні пункт, які патрабаваў:

"Найбольш вядомых прыгнятальнікаў сялян, для прыкладу, сабраўшы народ, судзіць ваенным судом і караць смерцю, не дапускаючы самавольнай расправы".

Такой антыпамешчыцкай скіраванасці й блізка не было ў дакументах варшаўскага паўстанцкага цэнтра. Пайсці далей Каліноўскаму не дазволіла адсутнасць за спіной той сілы, на якую ён мог бы абаперціся. Спрычыніліся да гэтага і недападрыхтаванасць да выступленняў на нашых землях шырокіх народных мас, і слабасць уласна беларускага нацыянальнага руху, што толькі-толькі яшчэ нараджаўся.

Менавіта недахоп сілаў стаў адной з прычын таго, што Каліноўскі з паплечнікамі мусіў падпарадкавацца лютаўскаму рашэнню Варшавы аб роспуску ЛПК. Кастусь адкрыта заявіць пра гэта ў сваім гнеўным Пратэсце супраць "белага" перавароту.

Адхілены буйнымі землеўласнікамі ад кіравання паўстаннем, Каліноўскі быў накіраваны наваствораным Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы на Гародзеншчыну ў якасці паўстанцкага камісара. Працуючы ў Беластоку й Гародні, ён ва ўмовах пасіўнасці, а то й непрыхаванага сабатажу багатых абшарнікаў зрабіў вельмі шмат для разгортвання руху ў рэгіёне, прыцягнення да барацьбы сялян. У траўні-месяцы Каліноўскі разам з паўстанцкім цывільным начальнікам Гародзенскага ваяводства Э. Заблоцкім аб'ехаў Ваўкавыскі і Слонімскі паветы, інспектаваў злучаныя сілы інсургентаў пад Мілавідамі (напярэдадні жорсткай бітвы з карнікамі) і Брэсцкі атрад падчас фармавання ў Падляшшы за Бугам.

Павальныя арышты сярод членаў віленскага Аддзела ў пачатку чэрвеня і звужэнне кола канспіратараў змусіла "белае" кіраўніцтва вярнуць у Вільню Каліноўскага на пасаду кіраўніка аддзяленнем унутраных спраў. Адначасова ягоны аднадумец і паплечнік У. Малахоўскі стаў начальнікам горада Вільні.

Каб вярнуць страчаны давер сялянства і нівеліраваць уплыў на яго афіцыйнай прапаганды, ад імя "ронду польскага" Каліноўскім быў выдадзены на беларускай мове "Прыказ... ...да народу зямлі літоўскай і беларускай", галоўная думка якога зводзілася да таго, што "дзела наша (паўстанне) - не дзела панскае, а справядлівай вольнасці". Адчуваючы сваю ідэйную перавагу ў віленскім паўстанцкім цэнтры, Кастусь адразу пасля перадачы яму пячаткі адкліканым варшаўскім паўнамоцным камісарам на Літве Н. Дзюлёранам паспрабаваў правесці на пасяджэнні Аддзела новы праект статута аб узаемадачыненнях Вільні і Варшавы. Але праект гэты не знайшоў падтрымкі ў старшыні Выканаўчага аддзела на Літве Я. Гейштара, які быў прыхільнікам непарушнага саюзу Літвы-Беларусі й Польшчьі. Тым не менш, віленскі паўстанцкі цэнтр "чырванеў" літаральна на вачах. Са зняволеннем урадавымі сіламі Я. Гейштара ягонае месца ў Аддзеле заняў Каліноўскі. А непасрэдна перад арыштам новы варшаўскі камісар на Літве А. Авейдэ, прызначаны замест Н. Дзюлёрана, таксама перадаў свае паўнамоцтвы Кастусю. Такім чынам, у ліпені-жніўні 1863 г. Кастусь Каліноўскі сканцэнтраваў усю вярхоўную ўладу па кіраванню вызваленчым рухам у сваіх руках, стаўшы "Дыктатарам Літвы і Беларусі".

Нягледзячы на цяжкія страты, панесеныя паўстанцкай арганізацыяй за перыяд шалёных карных акцыў Мураўёва і падначаленых, Кастусь да самага апошняга ліхаманкава спрабаваў выратаваць паўстанне, прыкладаў шмат намаганняў, каб рэанімаваць ужо амаль задушаны супраціў, надаць яму другое дыханне. У гэты час паводле словаў нашага вядомага гісторыка Ул. Ігнатоўскага, "рух прымае выразны процішляхецкі характар". Каліноўскі патрабаваў ад інсургентаў бескампрамісных, жорсткіх адносінаў да шляхты, якая здрадзіла паўстанню. Прыгадайма ўжо згадваемую намі вьшэй фразу, што прыпісваецца Кастусю, пра паўстанцкую сякеру, якая не павінна спыняцца нават над калыскаю шляхецкага дзіцяці. Але разам з тым Каліноўскі заставаўся чалавекам чулым і высакародным. Пра гэтае яскрава сведчыць эпізод вядомы з успамінаў Я. Гейштара - аднаго з ідэйных апанентаў Кастуся. Сутнасць гэтага эпізода ў тым, што Кастусь рашуча адхіліў прапанаваную яму кандыдатуру на выканаўцу смяротнага прысуду А. Дамейку, які стаў на шлях цеснага супрацоўніцтва з імперскімі ўладамі. Каліноўскі адмовіўся даць дазвол выканаць вырак прапанаванаму яму чалавеку, нягледзячы на тое, што чалавек гэты гатовы быў ахвяраваць сабой добраахвотна. Сваю адмову Каліноўскі аргументаваў тым, што "у яго жонка і некалькі чалавек дзяцей".

Да восені вызваленчы рух на Беларусі быў практычна падаўлены. На волі заставалася невялікае кола самаадданых барацьбітоў, але й яно імкліва сціскалася. Многія паўстанцы, каб пазбегнуць арышту і пакарання, з'язджалі за мяжу. Неаднаразова такая магчымасць была й у Кастуся Каліноўскага, але кожны раз ён адмаўляўся.

Не маючы, відаць, ніякіх ілюзій адносна лёсу паўстання, Каліноўскі бачыў сваю місію ў тым, каб уратаваць ад поўнага разгрому падпольную арганізацыю, назапасіць сілы, грунтоўна падрыхтавацца, і наступным годам выступіць зноў. У адказ на просьбу расійскіх землявольцаў Каліноўскі паспрабаваў даслаць ім у Пецярбург выпісанае з-за мяжы абсталяванне для патаемнай тыпаграфіі. Але яно чамусь аказалася незапатрабаваным адрасатам і было вернута назад у Вільню, дзе й патрапіла ў рукі паліцыі. Гэты факт дазваляе меркаваць, што, нягледзячы на горкае расчараванне ў гатоўнасці расіян падтрымаць памкненні братніх народаў, Кастусь Каліноўскі ў глыбіні душы, відавочна, па-ранейшаму спадзяваўся на дзейсны саюз у далейшым з рускімі рэвалюцыянерамі і таму, пэўна, не жадаў губляць з імі кантакт.

Сапраўдным апірышчам для Каліноўскага стала падчас ягонай дзейнасці ў Вільні сям'я Ямантаў, у якіх ён мог заўсёды атрымаць дапамогу і маральную падтрымку. Тут жыла нявеста Кастуся - Марыя. Менавіта ёй, каханай дзяўчыне, прысвечаны шчымлівыя радкі развітальнага верша "***Марыська чарнабрэва, галубка мая…", напісанага Каліноўскім за кратамі. Брат Марыі Ямант, Іосіф з'яўляўся актыўным удзельнікам паўстанцкае арганізацыі, некаторы час выконваў абавязкі сакратара Каліноўскага, а пасля быў накіраваны ім у Мінск у якасці паўстанцкага камісара.

Між тым арышты адбываліся адзін за адным. Каб заблытаць паліцэйскіх Каліноўскі неаднакроць мяняе свае псеўданімы. У кастрычніку Кастусь пад імем Ігната Вітажэнца пасяліўся на кватэры ў Святаянскіх мурах (комплекс будынкаў зачыненага царскімі ўладамі Віленскага універсітэта). Прытулак гэты стане для Кастуся апошнім на волі.

Каліноўскаму доўгі час цудам удавалася пазбегнуць арышту. У канцы лістапада - пачатку снежня 1863 г., каб перачакаць начную паліцэйскую аблаву на Зарэчнай вуліцы ён быў змушаны хавацца на даху будыніны. Але доўга гэтак працягвацца не магло. Здраднік - член паўстанцкае арганізацыі В. Парфіяновіч - выдаў жандарам прыкладнае месца жыхарства Каліноўскага й імя, пад якім той хаваўся.

З-за вялікае паспешлівасці знайсці прозвішча Вітажэнец у дамовых кнігах і ўдакладніць адрас не ўдалося. Таму браць галоўнага "коновода мятежа" былі пасланыя дзве роты салдат. Войскі ачапілі ўвесь Святаянскі квартал, і распачаўся планамерны вобыск памяшканняў. Калі жандары пагрукалі ў дзверы найманай Каліноўскім кватэры, Кастусь вышаў да іх са свечкай у руцэ. На пытанне афіцэра "Хто вы?" ён упэўнена, не падазраючы пра здраду, адказаў: "Ігнат Вітажэнец", і быў схоплены. Адбылося гэта ў ноч на 29 студзеня 1864 г.

5. Смерць і неўміручасць


Пасля арышту Каліноўскага даставілі ў будынак колішняга Дамініканскага кляштара, пераробленага на турму. Тут засядала Асобая следчая камісія па палітычных справах, якую ачольваў палкоўнік П. Шалгуноў.

Напачатку Каліноўскі адмаўляў на допытах сваё дачыненне да супраціўленчага руху. Аднак апазнанне Марыяй Грагатовіч (у доме ёйнай маці непрацяглы час Кастусь кватараваў) змусіла рэвалюцыянера назваць уласнае сапраўднае імя й пачаць даваць паказанні.

Са следчымі Каліноўскі трымаўся мужна, з годнасцю. Дадзеныя ім паказанні не маглі пашкодзіць нікому з таварышаў па барацьбе, бо гаварыў ён пра вядомыя жандарам факты, а людзі, прозвішчы якіх называў Кастусь, на той момант або загінулі, або з'ехалі на эміграцыю, і да іх ніяк не маглі дацягнуцца рукі царскіх карнікаў. Цікава, што схоплены правадыр беларуска-літоўскіх інсургентаў не хаваў ад следчых няпоўнасці й недакладнасці сваіх паказанняў. Ён адкрыта сказаў пра гэта на адным з допытаў, заявіўшы, што шпіёнства апаганьвае чалавека. Такім чынам, адмова раскрыць перад жандарамі поўную карціну існавання таемнай арганізацыі, імёны і дзейнасць яе сяброў стала штуршком да заканчэння следства па справе Каліноўскага. Суд прыгаварыў яго да расстрэлу. Але паводле жадання Мураўёва вырак быў зменены на павешанне.





Пісьмы з-пад шыбеніцы.
Частка 3-я

Знаходзячыся ў турме, Каліноўскі здолеў напісаць і перадаць на волю развітальныя "Пісьмы з-пад шыбеніцы" з апошнім запаветам беларускаму народу.

10 сакавіка 1864 г. а палове адзінаццатай халоднай раніцы Кастусь быў страчаны на Лукішскай плошчы ў Вільні. Гэта сталася апошнім публічным пакараннем смерцю ў колішняй сталіцы Вялікага княства за часамі Вешальніка.

Паводле ўспамінаў відавочцаў, Каліноўскі йшоў на смерць смела. А калі перад шыбеніцай яму зачытвалі вырак і назвалі дваранінам, беларускі рэвалюцыянер і патрыёт голасна выгукнуў: "У нас няма дваран. Усе роўныя!!!".

Цела Змагара напачатку закапалі на месцы страты. Пазней яго таемна перанеслі на тэрыторыю Віленскай цытадэлі. Даследчыкі лічаць, што менавіта там, на вяршыні гары Гедзіміна, разам з іншымі барацьбітамі 1863 года, і спачыў назаўсёды Кастусь Каліноўскі.

Але, знішчыўшы Каліноўскага фізічна, царская ўлада, нягледзячы на ўсе намаганні манархічна-шавіністычнай прапаганды і русіфікатарскай палітыкі, што дасягнулі свайго апагею пасля задушэння паўстання, выкараніць пасеянае Змагаром на ніве беларускага адраджэння так і не здолела. І неўзабаве на ніве гэтай узнімуцца ягоныя ідэйныя наступнікі - сапраўдныя волаты беларушчыны - Ф. Багушэвіч, Я. Купала, Я. Колас, А. Гарун…
6.Памяць

Памяць пра Кастуся Каліноўскага ашчадна зберагалася ў народнай душы.





"К. Каліноўскі і В. Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў".
Мастак П. Сергіевіч

Кіраўнік сялянскіх паўстанцаў апяваецца ў нашым фальклоры, вобраз ягоны натхняў і працягвае натхняць на стварэнне сапраўдных шэдэўраў кампазітараў і мастакоў, пісьменнікаў і паэтаў. Асабліва сярод твораў мастацкай літаратуры, прысвечаных Каліноўскаму, вылучаецца знакавы для Беларусі раман Ул. Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім".

У сталіцы самастойнай Беларусі імем барацьбіта за яе свабоду названая вуліца. Верыцца, неўзабаве паўстане і помнік. Праўда, не абыходзіцца, на жаль, без прыкрасцяў і непаразуменняў. У 1995 г. ва ўзнагародную сістэму Рэспублікі Беларусь быў уведзены ордэн Кастуся Каліноўскага. Згодна з Палажэннем, ім маглі узнагародзіць грамадзяніна, які праявіў мужнасць, адвагу і стойкасць падчас выратавання людзей са смяротнае небяспекі, у часіны стыхійных бедстваў, катастроф і т. п. Але зараз такога ордэна між дзяржаўных узнагарод Беларусі няма. Не, яго нібыта й не скасавалі - адпаведнай пастановы не было. Ордэн Кастуся Каліноўскага проста "забыліся" чарговы раз зацвердзіць у 2000 годзе. А паколькі ніводнага кавалера гэтага ордэна няма, ён паступова знікае з даляглядаў беларускае фалерыстыкі.

Да гэтага сумнага выпадку, відаць, дачыніліся асобы, якія, ідучы па слядах расійскіх гісторыкаў-манархістаў і асобных савецкіх афіцыёзных даследчыкаў кшталту Самуіла Агурскага, не саромеюцца называць Кастуся Каліноўскага псеўдагероем, "польскім шавіністам", нават проста "бандытам"(!). Зусім горка робіцца на душы, калі чуеш падобныя пасажы з вуснаў нашых, беларускіх даследчыкаў. Аніяк не магу з імі пагадзіцца. Чаму? Ды проста таму, што дастаткова прыгадаць пароль, які ўжываўся ва ўзначальваемай Каліноўскім віленскай паўстанцкай арганізацыі, і ўсё стане зразумела:

- Каго любіш?
- Люблю Беларусь.
- Так узаемна!


Пры напісанні й ілюстраванні нарыса выкарыстана наступная літаратура:

  1. 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. З. Санько, І. Саверчанка - Вільня: "Наша будучыня", 2002;

  2. Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. - Вільня: "Наша будучыня", 1999;

  3. Запавет Мураўёва, графа Віленскага. Записка о некоторыхъ вопросахъ по устройству Северо-западнаго края // Новы Час №11(16), 2003;

  4. Біч М. Паўстанне 1863-1864 гг. Кастусь Каліноўскі // Інтэрнэт-сайт "Камунікат". - http://kamunikat.net.iig.pl/ - Па адрасе http://kamunikat.net.iig.pl/www/czasopisy/almanach/06/06mem_bicz04.htm - 19.08.2003.

  5. Біч М. Пошук ісціны ці шальмаванне? // Голас Радзімы №№50-51,1997;

  6. Гісторыя Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. / Я. К. Новік, Г. С. Марцуль, І. Л. Качалаў і інш. - Мінск: "Універсітэцкае", 2000;

  7. Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. - Мінск: "Беларусь", 1992;

  8. Иллюстрированная хронология истории Беларуси. - Минск: "БелЭн", 1998;

  9. История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И. Н. Кузнецов, В. Г. Мазец - Минск: "Амалфея", 2000;

  10. Каліноўскі К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / Уклад. Г. Кісялёў - Мінск: "Беларускі кнігазбор", 1999;

  11. К. Калиновский. Из печатного и рукописного наследия. - Минск: "Беларусь", 1988;

  12. Малы гэрбар Адама Кромэра. Інтэрнэт-сайт. - http://www.heraldyka.monarchia.pl;

  13. Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. М. П. Касцюк, У. Ф. Ісаенка, Г. В. Штыхаў і інш. - Мінск: "Беларусь", 1994;

  14. Положение об Ордене Кастуся Калиновского // Інтэрнэт-сайт "Право 2000 - Законодательство Республики Беларусь". - http://pravo2000.by.ru/. - Па адрасе http://pravo2000.by.ru/baza22/d21534.htm. - 17.06.2003;

  15. Таляронак С. Генерал Міхаіл Мураўёў-"Вешальнік" // Беларускі гістарычны часопіс №3, 1997;

  16. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Тт. 1-6/ч. 1/. - Мінск "БелЭн", 1993-2001;

1. Биография на тему Русский лингвист Иван Александрович Бодуэн Де Куртене
2. Реферат на тему I Didn
3. Сочинение Патриотизм, чей бы то ни был, доказывается не словом, а делом По роману Толстого Война и мир
4. Реферат Оккупация Германского Самоа
5. Сочинение Пейзаж в рассказе М. Горького Челкаш
6. Контрольная работа Коммерческое право 2 Коммерческие организации
7. Реферат на тему Affirmative Action Essay Research Paper What is
8. Реферат Советские авиационные конструкторы А.М.Люлька и Н.Д.Кузнецов
9. Реферат Кваркрвый и нуклонный уровни организации материи
10. Диплом на тему Государственный бюдежет РФ назначение порядок разработки и утвержд